Рас ’нераст у рыбы’ (нясвіж., ЛА, 1), таксама звязаны з ім (і, што паказальна, зафіксаваны там жа) дзеяслоў расу́е ’рыба нерастуе’, пры якім прывабна, але наўрад ці магчыма актуалізаваць інфінітыўную форму накшталт *расава́ць. Аддалены вынік словаўтваральна-семантычнага пераасэнсавання лексемы не́рас (< не́раст, гл.), якая магла ўспрыняцца як адмоўная форма рас і, такім чынам, дээтымалагізавацца. У сувязі з гэтым на карце № 327 (ЛА, 1) звяртае на сябе ўвагу заходняя мікраізаглоса субстантыўных і дзеяслоўных форм без фінальнага ‑т.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)