Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.
Вы́рай 2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?