Вы́пустак ’аднагадовае цяля, жарабя’ (БРС, Янк. I, Шат., З нар. сл., Шатал., Мат. Гом., Клім.). Ад вы́пусціць з суф. ‑ак; параўн. азначэнне Янкоўскага (1, 56): ’маладняк, які першы год выпускаецца разам са статкам на пашу’.
Вы́путрыцца ’прагаладацца’ (Сцяц. зэльв.). Няясна.
Вы́пушка (БРС). Рус. вы́пушка. Да *выпушыць (параўн. рус. выпушить) з суф. ‑ка. Гл. таксама пушыць.
Вы́пушчак ’выпустак’ (Клім.). Ад выпусціць з суф. ‑jак.
Выпярэ́джваць (БРС). Рус. опережа́ть, укр. випереджа́ти, польск. wyprzedzić і г. д. Да пярэдні (гл.).
Выр, вырь ’вырай, цёплыя краіны, куды адлятаюць птушкі на зіму’ (Яшк., бых., Рам., 8), вырь ’паварот’ (Нас.), выръ, виръ ’вір’ (Шн., Песні). Няясна. Магчыма, зваротнай дэрывацыяй ад вырай, вырья або ўкраінізаваная форма ад вір (гл.), якая потым была збліжана з вырай у семантычных адносінах. Але параўн. рус. цвяр. вырь, бырь ’вір’, выр ’месца хуткага цячэння вады, вір; яма, над якой утвараецца вір’, якія па фанетычных прычынах не могуць быць аб’яднаны з вір (Фасмер, 1, 370). Гл. яшчэ Безлай, ССл, 1976, 5, 65 і наст., дзе аб сувязі рус. вырь, вырий і славен. ir(ij) ’балота’, а таксама іншы славенскі матэрыял.
Вы́раб (БРС, Гарэц., Шат., Бяльк.), вы́раба ’вырабатка’ (Яруш.), выро́ба ’працэс выраблення посуду’ (Вярэн.). Укр. ви́ріб, польск. wyrób, чэш. výroba ’вытворчасць, выраб’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырабіць, неалагізм пачатку XX ст. (Гіст. мовы, 2, 140).
Вы́рабіць (БРС, Нас., Шпіл., Касп., Шат.), вы́робыты (поле) ’апрацаваць’ (палес., Выг. дыс.), вы́рабіцца ’выбрацца, вызваліцца’ (Янк. Мат., Шн., 2, Шат.), вырабля́ць ’дурэць, жартаваць’ (Шат.), вырабля́цца ’дурэць, сваволіць’ (Гарэц.). Гл. рабіць.
Вы́рад ’вырадак’ (Нас. Зб., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.), выро́д ’выраджэнне’ (Бяльк.). Рус. вы́род ’дзеянне па дзеяслову вырадзіць’, укр. ви́рід ’вырадак’, н.-луж. wurod. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырадзіць (Шанскі, 1, В, 231).
Вы́радак (БРС, Др.-Падб., Яруш., Касп., Шат., Бяльк.), ву́радак ’вырадак’ (мазыр., Шн., 2). Рус. вы́родок, укр. ви́родок, польск. wyrodek ’тс’. Утворана ад вырад (гл.) з суф. ‑ак (Шанскі, 1, В, 231).