Выбо́рны ’адборны’ (Яруш., Касп., Нас.). Паводле Булыкі, Запазыч., 73, ст.-бел. выборный ’адборны, цудоўны, выдатны’ з польск. wyborny; параўн. таксама чэш. výborný ’выдатны’.
Выбо́ры ’зборы ў дарогу’ (Нас., КЭС, лаг.). Ад выбірацца ’збірацца ў дарогу, накіроўвацца куды-небудзь’, аднак, магчыма, запазычана з польск. wybory ’зборы ў дарогу, пераезд’, пра што сведчыць незвычайная для ўтварэнняў з прэфіксам вы‑ акцэнтуацыя.
Вы́брузнуцца ’выспацца’ (Юрч.). Ад бру́знуць ’спаць’.
Вы́брукаваць. Гл. брукаваць, брук.
Выбруха́ніцца ’выставіць жывот наперад з гонару’ (Нас.). Да бру́ха ’жывот’, бруха́н ’чалавек з вялікім жыватом’.
Вы́брухітаць ’вытаптаць’ (Сцяц.). Ад брухіта́ць ’таптаць’ (гл.).
Выбрыда́ць ’выходзіць’ (Яруш.). Ад брысці (гл.).
Вы́брык ’выхадка’ (БРС), вы́брыкі ’дзіўныя паводзіны, фокусы’ (Цых.), укр. вибрик ’выхадка, жарт; скок’, польск. wybryk ’падскок, выхадка’. Параўн. выбры́кваць ’падскокваць’ (да брыкаць), на значэнне бел. і ўкр. слоў, магчыма, уплывала польск., параўн. рус. курск. ехать выбриком ’ехаць галопам’, данск. вы́брики ’брыканне’.
Вы́брындзіцца ’калі ў падоле адзежыны рубец абаб’ецца ды ніткі целяпаюцца’ (КЭС, лаг.). Да бры́ндаць ’матляцца’.
Вы́брысці ’выйсці’ (Янка Купала, Ванк. дыс.). Да брысці (гл.).