Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Страце́нне ‘смяротная кара’, ‘адсячэнне (галавы)’ (Нас., Гарэц.), страцэ́ня, страцэнё ‘знішчэнне’ (Сл. ПЗБ), страце́не ‘страта’ (Нар. Гом.), стра́ціць ‘загубіць, знішчыць, пазбавіць жыцця’ (Нас., ТСБМ, Нар. Гом., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк.). У спецыфічным значэнні ‘пазбаўленне жыцця’, хутчэй за ўсё, з польск. stracenie ‘пакаранне смерцю’, stracić ‘пакараць смерцю’, што развілося на падставе значэння ‘згубіць, загубіць’, тыповага для стра́ціць, што да тра́ціць (гл.), параўн. страта ‘згуба’.

Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.

Страшко́ ‘страхапуд’ (Сл. Брэс.), ‘палахлівец’ (Клім.). Вытворнае ад страшыць (гл.) з суф. ‑к‑, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 46. Сюды ж стра́шко ‘страшна’ (Мат. Гом.).

Страшчы́ць. Гл. стрысціць.

Страшы́ць ‘палохаць, выклікаць страх’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. страши́ти, рус. страши́ть, стараж.-рус. страшити, польск. straszyć, в.-луж. trašić, чэш. strašit, славац. strašiť, серб.-харв. стра̏шити, славен. strášiti, балг. страша́, макед. страши, ст.-слав. страшити. Прасл. *strašiti ад *straxъ, гл. страх (Фасмер, 3, 772; Борысь, 579). Сюды ж страшы́дла ‘той, хто (або што) мае страшны выгляд, выклікае страх’, ‘вырадак’, ‘пудзіла’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), страшы́дло ‘тс’ (ТС). Запазычанае з польск. straszydło ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83), параўн. формы з аднаўленнем этымона: страхі́дло, страхові́дло ‘тс’ (ТС) і зыходнага страхові́ло ‘тс’ (там жа), што суадносіцца з сваім страшы́ла ‘тс’, параўн. славен. strašilo ‘пудзіла’, укр. страши́ло ‘страшылішча’ і пад.

Стро́гі ‘патрабавальны, сур’ёзны, суровы’, ‘правільны, адпаведны норме’ (ТСБМ), ‘чуйны; асцярожны, ашчадны’ (Нас.), ‘патрабавальны; ашчадны, асцярожны’ (Байк. і Некр.), ‘патрабавальны’ (брасл., смарг., Сл. ПЗБ), ‘асцярожны, акуратны’ (Юрч. Вытв.), ‘суровы, дакладны, вытрыманы’ (ТС), стро́га ‘асцярожна’ (Бяльк.), ‘вытрымана, сціпла’ (ТС); сюды ж сро́гі ‘патрабавальны; суровы’, сро́га ‘патрабавальна’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. стро́гий, польск. srogi ‘бязлітасны, жорсткі’, дыял. strogi ‘тс’, чэш., славац. strohý, серб.-харв. стро̏г, славен. strọ̑g, балг., макед. строг. Заходне- і паўднёваславянскія формы лічацца запазычаннем з рускай або ўкраінскай; гл. Младэнаў, 612; Торб’ёрнсан, Liquid., 1, 30; Голуб-Копечны, 355. Рускае стро́гий, на думку Шахматава (Очерк, 155), Праабражэнскага (2, 399), запазычана з польск. srogi ‘грозны’; уся гэта група слоў набліжаецца да стораж, сцерагчы. Бязлай (3, 331) мяркуе, што ў гэтым выпадку ст.-слав. срагъ ‘грозны, страшэнны’ сведчыла б аб прасл. *sorgъ, роднасным літ. sir̃gti ‘быць хворым’, тах. А särk, тах. B sark ‘хваравіты’, ст.-в.-ням. sorga ‘смутак’. Іншая версія — роднасць з с.-н.-ням. strak (strack) ‘жорсткі, тугі’, нарв. strak, strakk ‘тугі, нацягнуты, прамы’, літ. stregti ‘застываць’, лат. strēǵele ‘лядзяш’ (Зубаты, Studie, 2, 171; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1080) з рэканструкцыяй у гэтым выпадку прасл. *strogъ, якое Бязлай (там жа) узводзіць да і.-е. *strogo‑ < *(s)treg‑ ‘цвярдзець, быць цвёрдым, жорсткім’. Гл. таксама Фасмер, 3, 779–780; Глухак, 589; ЕСУМ, 5, 448.

Стро́і1 ‘уборы, убранне’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.), стро́іцца ‘прыбірацца, святочна адзявацца’ (Ласт.), ‘апранацца’ (Сл. Брэс.), ‘упрыгожвацца, аздабляцца’ (Варл.), ст.-бел. строи: строи ихъ — все звѣринные скуры (XVIII ст., Моўн. адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 214). З польск. strój, stroić ‘тс’.

Стро́і2: бабро́выя стро́і ‘бабровы струмень’ (Сержп. Прымхі). Гл. струмень.

Стро́ік ‘галаўны ўбор, які даўней пажылыя кабеты насілі пад хусткай’ (навагр., З нар. сл.), ‘галаўны ўбор удавы, якая другі раз ідзе замуж’, ‘бант з кветкамі на касцюме маладога’ (Сл. ПЗБ). Гл. строй3.

Стро́іць ‘рабіць, майстраваць’, ‘намячаць, накідваць (планы, здагадкі і інш.)’, ‘ставіць у строй’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘рыхтаваць, ладкаваць’ (ТС, Ян.; ваўк., Сл. ПЗБ), ‘будаваць’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.; в.-дзв., паст., брасл., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рамантаваць’ (астрав., Сл. ПЗБ; Ян.), ‘спраўляць (свята, вяселле)’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ‘ставіць (пра спектаклі)’ (паст., Сл. ПЗБ), стро́іцца ‘збірацца, імкнуцца што-небудзь рабіць’ (ТСБМ), ‘упраўляцца па гаспадарцы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. стро́їти ‘прыбіраць; ладзіць’, рус. стро́ить ‘будаваць, састаўляць, рабіць’, стараж.-рус. строити, польск. strojić ‘прыгожа апранаць; рыхтаваць, ладзіць’, в.-луж. trojić, н.-луж. tšojś ‘рыхтаваць; будаваць’, чэш. strojiti ‘рыхтаваць; гатаваць; прыгожа апранаць’, серб.-харв. стро̀јити ‘кастрыраваць; дубіць’, славен. strojíti ‘апрацоўваць (дубіць) сырую скуру’, балг. строя́ ‘будаваць’, макед. строи ‘будаваць; настройваць’, ст.-слав. строити ‘рыхтаваць, ладзіць’. Прасл. *strojiti — дэрыват ад *strojь (гл. строй1), гл. Фасмер, 3, 780; Сной₁, 615; Борысь, 580. Сюды ж стро́йка ‘будоўля’ (Сцяшк.), страе́нне ‘будынкі; хата з прыбудовамі’ (Янк. 1, Жд. 3), якія, відаць, уяўляюць сучасныя запазычанні з рус. стро́йка і строе́ние ‘тс’, як і само значэнне ‘будаваць’ у дзеяслова.

Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. стрій ‘касцюм, адзенне’, рус. строй ‘строй; парадак’, польск. strój ‘строй; адзенне’, чэш. stroj ‘станок, машына’, славац. stroj ‘тс’, серб.-харв. стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен. strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг. строй ‘рад, сістэма, лад’, макед. строј ‘будова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав. строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл. *strojь роднаснае лат. strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест. urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац. struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав. *strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц. straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням. Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е. *kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд. śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл. *strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).

Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус. паўн. строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.

Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.