Страшы́ць ‘палохаць, выклікаць страх’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. страши́ти, рус. страши́ть, стараж.-рус. страшити, польск. straszyć, в.-луж. trašić, чэш. strašit, славац. strašiť, серб.-харв. стра̏шити, славен. strášiti, балг. страша́, макед. страши, ст.-слав. страшити. Прасл. *strašiti ад *straxъ, гл. страх (Фасмер, 3, 772; Борысь, 579). Сюды ж страшы́дла ‘той, хто (або што) мае страшны выгляд, выклікае страх’, ‘вырадак’, ‘пудзіла’ (Нас., ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), страшы́дло ‘тс’ (ТС). Запазычанае з польск. straszydło ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83), параўн. формы з аднаўленнем этымона: страхі́дло, страхові́дло ‘тс’ (ТС) і зыходнага страхові́ло ‘тс’ (там жа), што суадносіцца з сваім страшы́ла ‘тс’, параўн. славен. strašilo ‘пудзіла’, укр. страши́ло ‘страшылішча’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)