Саста́ў ’сукупнасць частак, прадметаў, якія складаюць цэлае; склад’ (ТСБМ). Рус. соста́в, ст.-рус., ст.-слав. съставъ. У сучаснай беларускай мове з рускай, на што ўказвае прыстаўка са‑ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 56). Да со‑ставитъ; лічаць (гл. Фасмер, 3, 727 і наст.) калькай грэч. слова.
Сасу́д ’трубчасты орган у целе чалавека ці жывёлы, па якім цячэ кроў або лімфа; у раслін — трубка, па якой праходзяць вільгаць з растворанымі мінеральнымі салямі і іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), сасу́д, сасу́да ’тс’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. сосудъ, судъ ’чаша, судзіна’ (Альтбаўэр). Мажліва паўторнае запазычанне з рус. сосу́д (Крукоўскі, Уплыў, 56), дзе з *sъ + *sǫdъ; гл. суд 2 (Фасмер, 3, 728).