Саландзі́ць (языком) ’гаварыць недарэчна’, салэ́ньдзіць ’многа, несупынна гаварыць’ (Сл. ПЗБ). Вытворнае ад ланда, ландзіць (гл.).
Салане́шнік ’сланечнік’ (Мат. Гом.; полацк., Нар. лекс.). З сланечнік з гіперычным паўнагалоссем.
Салані́на ’свіное пасоленае сала’ (ТСБМ, ТС), ’свіное сала; салёная гавядзіна’ (Нас.), ’сала’ (ПЗБ, Бяльк., Сцяшк. МГ), ’тоўстае добра пасоленае свіное сала’ (Нар. сл.), ’сала, праслойкі мяса сярод сала’ (Нар. словатв.). Рус. солони́на ’пасоленае сала або салёная гавядзіна’, укр. солони́на ’свіное сала’, польск. słonina ’свіное сала’, чэш. slanina ’шпік, вэнджанае сала’, славац. slanina ’свіное сала’, серб.-харв. сла̀нина ’вэнджанае сала, шпік’, славен. slanína ’тс’, балг. слани́на ’тс’. Прасл. *solnina. Ад *soln‑ (гл. салоны) з суф. ‑ina, гл. SP, 1, 121; Махэк₂, 596.
Сала́нка ’сальніца’ (віл., Сл. ПЗБ), саля́нка ’тс’ (Бяльк., ТС). З польск. solanka ’тс’.
Саланча́к ’глеба, насычаная салямі’ (ТСБМ), ’крыніца з салёнай вадой’ (гродз., Яшк.). З рус. солонча́к ’тс’ < солоный (гл. салоны).
Салапа́ць ’гарэць (аб вялікім агні)’ (Мат. Гом.), салыпну́ць ’успыхнуць (пра пламя)’ (Сл. ПЗБ). Відаць, метафарычнае; да салыпаць, салупаць (гл.). Параўн. яшчэ вобразны выраз языкі полымя.
Салапе́нда ’салапяка’ (Жыв. сл.). Ад салопіць, салупаць (гл.) з суф. ‑енд‑а. Аб суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 98.
Салапя́ка ’разява, чалавек з высунутым языком; чалавек з адкрытым ротам; той, хто часта высоўвае язык’ (ТСБМ, Др.-Падб., Шат., Гарэц., Нар. лекс.), салапя́к (Бір. Дзярж.), салапа́йка (Сцяшк. Сл., Янк. 1), солопʼя́ка (Клім.), салопя́ка, салапі́ха (Сл. ПЗБ), сале́па (Скарбы), салапа́ты (Жд. 1), салапа́н (Нар. сл.), солопэ́й (Нар. лекс.), салапа́ты, салапа́йка, салапе́ка (Мат. Гом.), солопе́ка, солопе́та (ТС). Для ўкр. солопій ’салапяка’ і, такім чынам, бел. солопэ́й Анікін, Этымалогія–1982, 69 узнаўляе прасл. *solpějь. Да салупаць (гл.) з рознымі суф. Сюды ж салапа́ты, салапа́ч ’той, хто выгаворвае с замест ш’ (Шат.), салапа́ты ’шапялявы’ (Ян.) з далейшым развіццём значэння ’чалавек з разінутым ротам’ — ’чалавек, які мае дэфект вымаўлення’.
Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.