Выто́к ’пачатак ракі, патоку’ (БРС, Інстр. I, Яшк.), выто́ка ’тс’ (Сцяшк., Яшк.). Польск. wytok ’балота’, чэш. výtok ’выток’. Да выцечы (гл. цячы) (параўн. Махэк₂, 637 і наст.).
Вы́траскі ’тое, што вытрасена’ (Др.-Падб.), вы́трускі ’дробная салома з каласамі пасля малацьбы’ (Бір. Дзярж.). Ад вытрасці, вытрусіць з дапамогай суф. ‑ка. Параўн. рус. вы́трепки ’дробная жытняя салома, якая застаецца пасля малацьбы’. Гл. таксама трэсці.
Вы́трашчка ’чалавек з вытарашчанымі, вылупленымі вачамі’ (Шат.). Укр. витршца́ка ’тс’. Ад вытрашчыць (гл.) пры дапамозе суф. ‑ка.
Вы́трашчыць (вочы) ’вылупіць’ (БРС, Шат.). Мяркуючы па ізаляванасці слова ў бел., можна лічыць запазычаннем з польск. wytrzeszyć (oczy) ’тс’; параўн. яшчэ чэш. vytřeštiti (oči), славац. vytrieštať ’тс’. Пэўнай этымалогіі гэтых слоў няма. Брукнер (579) звязвае з trěsk‑, але гэта не дакладна. Фасмер (4, 23) адхіляе і роднасць з рус. вытаращить, таращить (глаза). Іначай Махэк₂ (657), як і рус., і заходнеслав. словы выводзіць ад і.-е. ster‑ ’быць нерухомым’ (*ster‑skati) і параўноўвае з літ. (pa)stérti ’ўтаропіцца’, ням. stieren і starren ’тс’. Няпэўна.
Вытропваць ’танцаваць з выкрутасамі’ (Жд., 2). Гл. тропаць.
Вытрыбе́нькі ’капрызы, прыхамаці’ (Касп.). Рус. дыял. (дан., кур.) вытребе́ньки, укр. витре́беньки ’тс’. У бел. мове таксама, як і ў рус., запазычанне з укр., дзе да витребувати ’патрабаваць, прасіць’ (Рудніцкі, 1, 402).
Вы́трымка 1 ’ўрывак, цытата’ (БРС). Магчыма, калька рус. вы́держка ’тс’, хаця і этымалагічна памылковая, таму што рус. вы́держка ад выдёргивать, а не выдержать. Ад вытрымаць (гл. трымаць) пры дапамозе суф. ‑ка.
Вытылі́нгаваць ’іграць на язык’ (Жд., 2), вытылі́нкванне (птушак) (КЭС, слуц.). Ад гукапераймальнага выклічніка тылі-тылі; параўн. рус. тили́кать, тилили́кать ’выпускаць тонкія, высокія гукі’, укр. тілікати ’дрэнна граць на скрыпцы’, выкл. тылі-тылі, чэш. tikati ’шчабятаць (аб птушанятах)’. Гл. таксама Махэк₂, 643.
Вы́тырнуцца ’вытыркнуцца, высунуцца’ (Бяльк.). Рус. дыял. пск., смал. вы́торнуть ’высунуць, выштурхаць’, пецярб. вы́торнуцца ’выглянуць, з’явіцца’. Гл. торкаць, тыркаць.
Вы́тычка 2 ’выскачка’ (Нас., Гарэц.). Утварэнне ад залежнага дзеепрыметніка дзеяслова вытыкаць ’высоўваць’ (гл. тыкаць) з суф. ‑к‑.