Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Асалапе́ць. Гл. салапець (параўн. Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58; Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49).

Асамбле́я. З франц. assamblée ’сход’ праз рус. ассамблея, дзе з Пятроўскай эпохі (1696): Курс суч., 166; Крукоўскі, Уплыў, 78. Параўн. Шанскі, 1, А, 169; Маргаран, ЭИРЯ, 6, 92.

Асамі́сты ’паважны’ (Яруш., Нас.). З асаністы ў выніку народнай этымалогіі пад уплывам слова сам: параўн. сінанімічнае самавіты. Рус. осанистый ад осаниться прыняць паважны, мажны выгляд’ ад значэння ’атрымаць сан’ (гл. сан). Параўн. осамицьца (Нас.) ад осаниться.

Аса́н. Гл. васан, васпан.

Аса́нна — малітвенны выгук. Сустракаецца ў канцы XVI ст. (Гіст. мовы, 1, 223; Жураўскі, Працы IM, 7, 218–219, 224). Ст.-рус. з XIII ст. Таму слова трэба лічыць працягам старарускага, а не вынікам пазнейшага рускага ўплыву (як Крукоўскі, Уплыў, 74) з ст.-слав. осанна < грэч. ὡσαννά < ст.-яўр. hōšanā ’дапамажы ж’ (Фасмер, 3, 156).

Асве́р ’вага ў студні, рычаг для падымання бярвення’ (ДАБМ, карты, 242–244, тэкст, 807–810), ацьвер, асвір, асверына, асвера, асверг, асверх, свира, свиршня, свирэня, перасвир, перасверт (!), свирэць. Рус. пск., калін. асвер, освер. Ці не сюды ўкр. свірка ’вяроўка, якой замацоўваецца пуга да пугаўя’? Лат. svèrt ’важыць, падважыць’, літ. sver̃ti ’важыць, балансаваць’, svãras ’вага’, лат. svīra, sviris, svērts, svìrts, svir̃kstenis, svirstene, літ. svirksnìs, svar̃tis, svar̃stis ’асвер’. Фрэнкель (949), Фасмер (3, 156–157), Трубачоў (Слав. языкозн., V, 173) лічаць слова роднасным балтыйскім словам. Міклашыч (331) лічыў роднасным балтыйскім мовам слова освиреть (форма асвер у яго слоўніку адсутнічае); Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1154) таксама звязваў рус. освер з балтыйскім словам. Краўчук, Цыхун (Лекс. балтызмы, 15, 51), Урбуціс (Baltistica, 5, 1969, 151), Лаучутэ (Kalbotyra, 22, 2, 78), зважаючы на пашырэнне слова на тэрыторыях, сумежных з Літвой і Латвіяй, шэраг форм, блізкіх да балтыйскіх, адсутнасць у славянскім слове ўнутранай матываванасці лічаць асвер і роднасныя ўтварэнні запазычанымі з балтыйскай. З гэтым трэба пагадзіцца, прычым крыніцай шэрагу форм была, відаць, латышская мова. Пачатковае а‑ можа тлумачыцца як фанетычная пратэза (ці як захаванае ад утвараючага дзеяслова прэфіксальнае). Корань узыходзіць да і.-е. *(s)u̯er‑ ’падвешваць, падважваць; цяжкі’ (Покарны, 1150; Траўтман, 296). Гл. свер.

Асве́та (БРС, Гарэц., Яруш.). Параўн. асве́тны, асве́тнасць (Гарэц.), асветнік, асветніцкі. Укр. освіта, польск. oświata, чэш. osvěta. У сярэдзіне XIX ст. (Гіст. лекс., 240; Гіст. мовы, 2, 107) з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай. Гл. святло.

Асво́іць. Рус. освоить, укр. освоїти, польск. oswoić, чэш. osvojiti si, славац. osvojiť si, славен. osvojíti, серб.-харв. осво̀јити, макед. освой, балг. усвоя ’тс’. Ст.-рус. освоити з XV ст. Агульнаславянскае ўтварэнне ад займенніка *svojь з прыстаўкай о‑ і дзеяслоўным суфіксам ‑i‑ti.

Асво́йтвацца. Славен. osvojȋtev ’прысваенне, асваенне, заваяванне’ ўказвае на магчымасць утварэння гэтага спецыфічна беларускага дзеяслова ад назоўніка *освоитва, утворанага ад освоити (гл. асвоіць), паводле мадэлі битва, ловитва, прадуктыўнай у старарускай мове. Закончаны від паўстаў у выніку разумення в як паказчыка імперфектыўнасці. Супрун, Веснік БДУ, 1972, 2, 67.

*Асвяну́ць, освыну́ты ’сустрэць світанне’ (Клім.). Рус. освенуть, рассвенуть ’развіднецца’, укр. освінути ’развіднецца, сустрэць світанне, выздаравець’, свінути(ся) ’развіднецца’, славац. osvitnuť, серб.-харв. осва̀нути ’сустрэць світанне’, славац. svitnuť, серб.-харв. сва̀нути, славен. sveniti ’развіднецца’. Ст.-рус. (ц.-слав.) освьнути ’сустрэць світанне’, свьнути ’развіднецца’ ст.-слав. (о)свитати ’тс’. Параўн. літ. švìsti, švintù ’развіднецца’ і іншыя і.-е. адпаведнікі. У славянскіх мовах форма асвянуць роднасная свет (з чаргаваннем галоснага), у якой група ‑тн‑ упрасцілася ў н (гл. свет). Зважаючы на пашырэнне і даўнасць, можна лічыць гэта слова архаічным праславянскім утварэннем. Міклашыч, 332–333; Праабражэнскі, 2, 264; Брукнер, 538; Фрэнкель, 1046; Траўтман, 310–311; Покарны, 629; Супрун, Веснік БДУ, 1972, 3.