Асве́р ’вага ў студні, рычаг для падымання бярвення’ (ДАБМ, карты, 242–244, тэкст, 807–810), ацьвер, асвір, асверына, асвера, асверг, асверх, свира, свиршня, свирэня, перасвир, перасверт (!), свирэць. Рус. пск., калін. асвер, освер. Ці не сюды ўкр. свірка ’вяроўка, якой замацоўваецца пуга да пугаўя’? Лат. svèrt ’важыць, падважыць’, літ. sver̃ti ’важыць, балансаваць’, svãras ’вага’, лат. svīra, sviris, svērts, svìrts, svir̃kstenis, svirstene, літ. svirksnìs, svar̃tis, svar̃stis ’асвер’. Фрэнкель (949), Фасмер (3, 156–157), Трубачоў (Слав. языкозн., V, 173) лічаць слова роднасным балтыйскім словам. Міклашыч (331) лічыў роднасным балтыйскім мовам слова освиреть (форма асвер у яго слоўніку адсутнічае); Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1154) таксама звязваў рус. освер з балтыйскім словам. Краўчук, Цыхун (Лекс. балтызмы, 15, 51), Урбуціс (Baltistica, 5, 1969, 151), Лаучутэ (Kalbotyra, 22, 2, 78), зважаючы на пашырэнне слова на тэрыторыях, сумежных з Літвой і Латвіяй, шэраг форм, блізкіх да балтыйскіх, адсутнасць у славянскім слове ўнутранай матываванасці лічаць асвер і роднасныя ўтварэнні запазычанымі з балтыйскай. З гэтым трэба пагадзіцца, прычым крыніцай шэрагу форм была, відаць, латышская мова. Пачатковае а‑ можа тлумачыцца як фанетычная пратэза (ці як захаванае ад утвараючага дзеяслова прэфіксальнае). Корань узыходзіць да і.-е. *(s)u̯er‑ ’падвешваць, падважваць; цяжкі’ (Покарны, 1150; Траўтман, 296). Гл. свер.