Вы́кіцяць ’вымазаць, выпацкаць’ (Клім.). Укр. киця́ти ’ўдараць’; ’у гульні ў жмуркі дакранацца да каго-небудзь, пасля чаго ён пачынае вадзіць’, польск. kicać дрыгаць, скакаць (звычайна аб дробных жывёлах)’, kic! ’выклічнік для адгону жывёлы’. Гукапераймальнае (Брукнер, 226).
Вы́клад ’выказванне, выкладанне’ (БРС); ’форма посуду’ (Вярэн.), выкла́ды ’закладная тэхніка ўзорнага ткання, у якой дадатковыя каляровыя ўткі ткуць толькі частку ўзору, але не ідуць ва ўсю шырыню палатна’ (Влад.). Рус. дыял. вы́клад ’вышыўка’, вы́кладь ’каляровае тканнё звычайна чырвонымі ніткамі па беламу полю’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выкладаць. У першым значэнні можа быць семантычным запазычаннем з польск. wykład ’тс’.
Выклада́нне ’выманне’; ’выказванне думкі’; ’абучэнне, навучанне’ (БРС); ’спосаб ткання посцілак, калі кожны ўзор выкладаецца’ (З нар. сл.), выклода́нје ’закладная тэхніка ўзорнага ткання’ (Влад.). Да выкладаць (гл.). Параўн. выклад.
Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус. излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск. wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.
Вы́кладка (БРС, Бяльк.). Рус. вы́кладка, укр. ви́кладка, чэш. výkladka. Да выкладаць пры дапамозе суф. ‑ка.
Вы́клікаць (БРС, Яруш., КТС). Гл. клікаць. У значэнні ’выклікаць незадавальненне, гнеў’ з’яўляецца калькай рус. вызвать ’тс’ (Гіст. мовы, 2, 142).
Выкліна́ць (БРС, Нас., Шат., Касп.). Гл. праклінаць.
Выключа́льнік (БРС). Да выключаць. Калька рус. выключа́тель (Крукоўскі, Уплыў, 117 і наст.).
Выключа́цель (БРС). Запазычанне з рус. выключа́тель ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56).
Выключа́ць (БРС, КТС). Да ключ (гл.). У значэнні ’не дапускаць, устараняць’ з’яўляецца калькай рус. исключать (Гіст. мовы, 2, 141).