Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Асфа́льт. У сучасным значэнні, відаць, праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 83) ці польскую мову (у пачатку XX ст.) з нямецкай (дзе з французскай) або з французскай, дзе праз лацінскую з грэчаскай (Фасмер, 1, 194–195; Шанскі, 1, А, 167–168). Але ў перакладзе Флавія сустракаем ст.-рус. асфальтъ (XII ст.). Традыцыя ўжывання слова ў рускай мове, відаць, не перарывалася, таму, магчыма, што дакладней лічыць сучаснае рускае працягам гэтага слова па паходжанню з грэч. ἄσφαλτος. Але ў беларускай мове традыцыя ўжывання слова, відаць, была перапынена.

Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.

Асцень ’шчацінка на коласе злака’ (Нас., Серб.). Укр. остень ’восці’. Форма, утвораная ад остьньць, якое ўтвараецца з субстантываванага остьнъ ’прадмет, што мае вастрыё’ (восці, асцюкі, маладое пер’е ў птушак і г. д.). Остьнъ адлюстравалася ў форме асой (гл.) з выпадзеннем ‑т‑ паміж зычнымі і ў форме асцён ’пуга з вастрыём для падгону валоў’ (Бяльк. Арх.). Праслав. *ostьnъ адлюстравана ў старарускай, старабеларускай (у Скарыны — Булыка, Весці АН БССР, 1970, 4, 124), старапольскай, польскай, палабскай (vistʼăn), чэшскай, славацкай, славенскай, сербскахарвацкай, македонкай, балгарскай мовах. Утворана з суфіксам ‑n‑ ад *ostь (гл. восці). Ад *ostь утвораны таксама зборны назоўнік асцё (параўн. укр. дыял. остє) пры дапамозе суфікса ‑j‑e, асцюк (рус., укр. остюк) з суфіксам ‑ук, асцюлька і г. д. Ад остьнъ і остенчик ’ражон’ (Булг.).

*Асце́рбаць, остэ́рбаты ’выжыць, акрыяць’ (Клім.). Укр. остербати, остербнути ’тс’, рус. стербнуть (стар.) ’цвярдзець, чарсцвець, церпнуць’, устрабляти, устрабити (царк.) ’лячыць’, польск. postrobić ’узмацніць’, дыял. ostróbka ’ліхаманка’, чэш. ustrabiť se ’асвяжыцца’, ст.-чэш. ostrabiti ’ўзмацніць’, славац. strabiť sa ’лячыць’ і інш. Ст.-рус. усторобитися ’выздаравець’, устрабити(ся) ’вылечыцца’, устрабие, устраба ’вылячэнне’, устробитися ’выздаравець’; ст.-слав. устрабити ’вылечыць’. Ці не ў выніку кантамінацыі з гэтым словам в.-луж. strowy ’здаровы’? Слова лічаць праславянскім (*storb‑/*stьrъ‑), роднасным з і.-е. *ster‑; параўн. грэч. στέρφος ’цвёрдая скура’, літ. tar̃pti ’ўзмацняцца, выздараўліваць’ (думка Махэка, Recherches, 39, параўн. Фрэнкель, 1063), магчыма, ням. sterben (Траўтман, 284) і інш. Гл. Фасмер, 3, 756.

Асця́га ’ўпартасць пры дасягненні недасягальнага жадання, крыклівасць’ (Гарэц.). Утворана як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова асцягвацца ’ўпарта дабівацца чагосьці’ (Касп.), які ўтвараецца з прэфіксам а‑ (о‑) ад сцягвацца, утворанага ад цягнуць (гл.).

Асцяжа́рак ’хмызняк, салома’ (Выг. дыс.). Утворана з цыркумфіксам з‑‑ак (< о‑‑ъкъ) ад сцяжар (гл.), стежар (Выг.). Гл. стажарʼе.

Асцяро́б ’расчышчанае месца пасярод лесу’ (Касп.). Бязафіксны назоўнік ад *асцерабіць ’прачысціць лес’. Гл. церабіць у гэтым значэнні.

Асцяро́га. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова асцера́гаць ’папярэджваць пра небяспеку’, утворанага з прыстаўкай а‑ (< о‑) ад сцерагчы (гл.). Адсюль з суфіксам ‑ьн‑ утварыўся прыметнік асцярожны, ад якога назоўнік асцярожнасць. Форма острожность у XVII ст. (Гіст. мовы, 1, 295) пад польскім уплывам. Остеречи(ся) ужо ў старарускай мове.

*Асы́ты, осы́та, осы́тэ ’злёгку гнілы’ (хвоя, дрэва) (Клім.). Параўн. укр. сита сосна ’сасна са смалой’. Да кораня сыт‑ (гл. сыты) са значэннем ’насычаны’. Параўн. таксама осэ́тня пора́ ’дастатковы час’ (Клім.) пры ўкр. оситня пора ’дастаткова даўні’, зноў да гэтага кораня са значэннем ’сытны’ = ’дастатковы’.

Ась ’выгук водгуку’ (Касп.). Рус. ась, чэш. asi. Ась з часціцы а‑ і займенніка сь (се). Праабражэнскі, 1, 1; Фасмер, 1, 95; Трубачоў, Зб. Васіленку, 335. Параўн. асечка, аслі, ат.