Сы́ты ’які не адчувае голаду’, ’укормлены, тлусты’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ’негалодны’ (Байк. і Некр.), ’тлусты, адкормлены’ (Касп., Пятк. 2, Мат. Гом., Нар. лекс., Сл. Брэс., Сцяшк., З нар. сл.), ’гладкі, тлусты’ (Жыв. НС), сы́тны ’сыты’ (ТС), сыць ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’сытасць; укормленасць’ (Нас., Бяльк.), сы́ціць ’карміць, насычаць’. Укр. си́тий, рус. сы́тый, стараж.-рус. сы́тъ(и), польск. syty, в.-луж., н.-луж. syty, чэш. sytý, славен. sýty, серб.-харв. си̏т, славен. sit, балг., макед. сит ’тс’, ст.-слав. сытъ ’сыты’. Прасл. *sytъ, відаць, роднаснае літ. sótus ’сыты, багаты, сытны’, лат. sats ’сытны’, ст.-прус. sātuinei ’насычаеш’, лац. satis ’досыць’, гоц. sōpa ’сыты’, ст.-в.-ням. sat ’сыты’, грэч. άατος ’ненасытны’ (Траўтман, 250; Мюленбах-Эндзелін, 3, 809; Вальдэ-Гофман, 2, 481; Покарны, 876), аднак пры гэтым цяжка патлумачыць адрозненні ў вакалізме. Іншыя даследчыкі ў сувязі з гэтым збліжаюць *sytъ са ст.-інд. çávas ’сіла, моц’, авест. sava‑ ’тс’, сюды ж ст.-інд. çū́ras ’моцны’, авест. sura‑ ’тс’, грэч. κυρος ’сіла, моц’ (Зубаты, LF, 28, 89; Фрэнкель, JF, 50, 7 і наст.). Борысь (590) узводзіць да дзеепрыметніка і.-е. *sū‑to‑ ’напоўнены, поўны’, што да і.-е. *seu̯‑ ’напаўняцца’, параўн. хец. sumai ’напаўняе’, гл. таксама Бязлай, 3, 238–239. Абмеркаванне іншых версій гл. Фасмер, 3, 821; ЕСУМ, 5, 245; Глухак, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)