Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стру́шанка ‘сена і салома, змешаныя разам’ (Нас., Янк. 2; віл., лаг., Сл. ПЗБ; Юрч.), струша́нка ‘тс’ (Бяльк.), стру́шынка ‘тс’ (чавус., Нар. сл.), стру́шанка, тру́шанка ‘тс’ (Мат. Маг.). Параўн. струшваць ‘страсаць’ (Др.-Падб.) < трусіць, адсюль *струшаны, ад якога ўтвораны дэрываты з суф. ‑к‑. Параўн. трусіць, трасянка, гл.

Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).

Струя́ ‘струмень’ (ТС, Сцяшк.), струй ‘тс’ (ТС), ‘рэчышча’ (Сл. ПЗБ). Укр. стру́я, струя́ ‘тс’, рус. струя́ ‘тс’, стараж.-рус. струя, серб.-харв. стру́ја, славен. strúja ‘рукаў ракі, канал, цячэнне, струмень’, балг. струя́, макед. струја ‘струмень’, ст.-слав. строуꙗ ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struja з’яўляецца дэрыватам ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’ з суф. ‑ja (Слаўскі, SP, 1, 82) і ўстаўным ‑t‑; параўн. струга, струмень, востраў (гл.). Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. sraujà ‘цячэнне’, sraũjas ‘хуткі’, лат. stràuja ‘імклівы’, ст.-в.-ням. Stroua, Streua, нова.-в.-ням. Streu ‘прыток Заале’. Гл. Фасмер, 3, 785 з літ-рай; Бязлай, 3, 335; Скок, 3, 349–350; Глухак, 590; ЕСУМ, 5, 455.

Стры́балкі ‘тонкія ногі’ (стаўб., З нар. сл.). Параўн. рус. дан. стри́балка ‘гульня, вяровачка для скакання’. Вытворнае ад стрыба́ць ‘скакаць’, гл. наступнае слова.

Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́бля ‘страказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.

Стрыбо́г ‘уладар зямных і нябесных вод (атаясамліваўся з Міколам Вясеннім або Лысым)’ (Жлоба, Народная педагогика Полесья: по материалам этнографических исследований, Брест, 2002, 182–183), страж.-рус. Стрибогъ ‘бог вятроў’, параўн. вѣітри, Стрибожи внуци ў “Слове пра паход Ігаравы”. Лічыцца запазычаннем з ст.-іран. *Srībaɣa; паводле Мартынава (Этнагенез, 6–7), ‘добры бог’, супрацьпастаўлены *Dužbaɣa ‘злы бог’, суадносным з стараж.-рус. Дажьбогъ (< прасл. *dъžbogъ). Гл. таксама Фасмер, 3, 777 (з аглядам версій і літ-ры). Трубачоў (Этногенез₂, 197–198) лічыць прасл. *stribogъ і *da(djь)bogъ культурнымі інавацыямі славян, а не індаеўрапейскімі архаізмамі, першае з якіх уяўляе кампазіт з імператыўнай формай дзеяслова *sterti ‘распаўсюджваць, распасціраць’ у спалучэнні з іменем *bogъ ‘бог’; гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 398; Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 272; Тапароў, СБЯ, 1983, 120; Жураўлёў, Язык и миф, 171–172. Сувязь з стрыбаць (гл.) і ням. streben ‘прагнуць, імкнуцца’ (Брукнер, KZ, 50, 195) малаверагодная, паколькі гэта быў бы просты аддзеяслоўны дэрыват, параўн. стрыбок ‘скачок’. Гл. яшчэ Зайкоўскі, Бел. міф.₂, 492–493; ЕСУМ, 5, 439–440.

Стрыві́ць ‘азярэдзіць’ (бялын., Нар. сл.), стрыўё ‘старадаўні від азяроду, у якім папярочныя жэрдкі клаліся на елкі з часткова абрубленымі сукамі’ (там жа). Да астрова (гл.) з адпадзеннем пачатковага а‑, характэрным для гаворак Магілёўшчыны.

Стрыга (striha) ‘страшыдла, ведзьма; чараўніца’ (Кольб., Доўн.-Зап. 2), ‘персанаж у гульні’, стры́га‑мары́га ‘тс’ (КСТ). Відаць, сюды ж дзіцячая дражнілка стры́га ‘коратка пастрыжаны хлопец або дзяўчына’ (ТС), стры́жка ‘тс’ (Бяльк.), стры́жачка ‘кароткавалосая дзяўчына ’ (Ян.), а таксама стры́жка, стры́шка ‘страказа’ (навагр., Нар. сл.); дзяцей палохаюць стрышкай, кажуць: “Хавайся, а то стрышка апстрыжэ” (Жд. 1). Параўн. укр. стри́ганец, стрижо́к ‘саранча, Locusta L.’, польск. strzyga ‘міфічны персанаж; чараўніца’, ‘здань у абліччы жанчыны’, strzygoń ‘вупыр’, чэш., славац. stríga ‘чараўніца, ведзьма’, ‘начны матыль’, серб.-харв. штри̏га ‘ведзьма’, ‘начны матыль’ (HJ, н. с., 4, 9–10), ‘груба абстрыжаны ножніцамі’, харв. дыял. striga, štrȉga ‘сараканожка’, славен. striga ‘тс’. Лічыцца запазычаннем з с.-лац. strìga ‘ведзьма’, што паходзіць з лац. strix, strigis ‘сава’, таму што чараўніца паказвалася ў абліччы савы і высмоктвала дзіцячую кроў (Брукнер, 523). Борысь (584) мяркуе, што крыніцай запазычання магла быць і адпаведная раманская форма, напрыклад, венец. striga. Паводле Махэка₂ (582), слова трапіла да славян з румынскай з валахамі-пастухамі. Несумненны ўплыў дзеяслова *strigti (гл. стрыгчы), а таксама ўяўленняў пра насякомых як пераўвасабленняў злых істот, параўн. Важны, O jménech, 89; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 346; Гура, Слав. др., 3, 370–371. Магчыма, звязана з дзеясловамі з коранем *strig‑, што абазначаюць хуткія і рэзкія рухі, гл. стрыгуць.

Стрыганёнак ‘сваяк’ (Мат. Маг.). З *стрыянёнак < стрый (гл.) з частай менай й ↔ г у гаворках.

Стрыгма́ч экспр. ‘асоба з неахайнай прычоскай’ (Жд. 3), ‘неахайна (пад “барана”) пастрыжаны’ (Янк. 2). Да стрыгчы (гл.), аднак словаўтварэнне няяснае (ад *стрыгма стрыгчы, інтэнсіў як бегма бегчы?).