Трася́нка 1 ‘стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле’ (ТСБМ; докш., Янк. Мат., Варл.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вруб., Брасл. сл., Лекс. Бел. Палесся; дрыс., Яшк. Мясц.; гродз., мін., віц., ЛА, 2), трасяни́ца ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трасе́нка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), трэ́сенка ‘тс’ (бяроз., ЛА, 2); сюды ж страся́нка ‘тс’ (гарад., віц., мядз., леп., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. трясани́ця, трясени́ця ‘салома з сенам’, балг. тра́сени́на, тра́сени́ца ‘тс’, а таксама рус. дыял. тряха́нка ‘тс’, дзе, паводле Талстой (Зб. Жураўлёву, 356), адзначана варыянтнасць каранёвых с/х, параўн. траха́ць ‘трэсці’ (гл.). Утворана ад дзеепрыметнікавай формы дзеяслова трэсці (гл.) і прыставачнага ўтварэння страса́ць ‘змешваць трасучы’ (гл. трасці). Адносна балгарскіх формаў выказваецца меркаванне аб іх праславянскім паходжанні, паколькі яны звязаны са спецыфікай догляду за жывёлай з даўніх часоў (Тадораў, Слов. етим., 406). Гл. таксама трушанка.
Трася́нка 2 ‘змешанае беларуска-рускае маўленне’ (ТСБМ, Улас.), трасʼанка ‘моўная блытаніна’ (“językowy galimatias”, Вруб.). Метафарычнае ўтварэнне на базе трася́нка 1, аналагічнае ўкр. су́ржык ‘украінска-рускае змешанае маўленне’ (гл. суржык). Актывізацыя ўжывання ў 80‑я гады XX ст. прыпісваецца З. Пазняку (Рамза, Беларуская думка, 2010, 7, 113), аднак слова ў такім значэнні ўжывалася і раней (Свобада, Беларуска, 30, 192; Запрудскі, Arche, 2009, 11–12, 176).