Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́бля ‘страказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)