Стрыга (striha) ‘страшыдла, ведзьма; чараўніца’ (Кольб., Доўн.-Зап. 2), ‘персанаж у гульні’, стры́га‑мары́га ‘тс’ (КСТ). Відаць, сюды ж дзіцячая дражнілка стры́га ‘коратка пастрыжаны хлопец або дзяўчына’ (ТС), стры́жка ‘тс’ (Бяльк.), стры́жачка ‘кароткавалосая дзяўчына ’ (Ян.), а таксама стры́жка, стры́шка ‘страказа’ (навагр., Нар. сл.); дзяцей палохаюць стрышкай, кажуць: “Хавайся, а то стрышка апстрыжэ” (Жд. 1). Параўн. укр. стри́ганец, стрижо́к ‘саранча, Locusta L.’, польск. strzyga ‘міфічны персанаж; чараўніца’, ‘здань у абліччы жанчыны’, strzygoń ‘вупыр’, чэш., славац. stríga ‘чараўніца, ведзьма’, ‘начны матыль’, серб.-харв. штри̏га ‘ведзьма’, ‘начны матыль’ (HJ, н. с., 4, 9–10), ‘груба абстрыжаны ножніцамі’, харв. дыял. striga, štrȉga ‘сараканожка’, славен. striga ‘тс’. Лічыцца запазычаннем з с.-лац. strìga ‘ведзьма’, што паходзіць з лац. strix, strigis ‘сава’, таму што чараўніца паказвалася ў абліччы савы і высмоктвала дзіцячую кроў (Брукнер, 523). Борысь (584) мяркуе, што крыніцай запазычання магла быць і адпаведная раманская форма, напрыклад, венец. striga. Паводле Махэка₂ (582), слова трапіла да славян з румынскай з валахамі-пастухамі. Несумненны ўплыў дзеяслова *strigti (гл. стрыгчы), а таксама ўяўленняў пра насякомых як пераўвасабленняў злых істот, параўн. Важны, O jménech, 89; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 346; Гура, Слав. др., 3, 370–371. Магчыма, звязана з дзеясловамі з коранем *strig‑, што абазначаюць хуткія і рэзкія рухі, гл. стрыгуць.