Стрый ‘дзядзька па бацьку’ (Нас., Байк. і Некр.; іўеў., Сл. ПЗБ; Бес., Янк. БП), стры́ек ‘брат бацькі’ (Скарбы), стрыёк ‘тс’ (Нас.), стрые́чка ‘дочка дзядзькі’, ст.-бел. стрий, стрый ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон), стрыеве ‘дваюрадныя па лініі маці’ (там жа). Параўн. укр. дыял. стрий ‘дзядзька па бацьку’, рус. дыял. строй ‘дзядзька па бацьку; калека, жабрак’, стараж.-рус. стрыи, стръи, строи ‘брат бацькі’, польск. stryj, каш. strij, в.-луж. tryk, чэш., славац. strýc ‘стрый; наогул стары чалавек’, славен. stríc ‘брат бацькі або маткі’, серб.-харв. strȋc, балг. дыял. стри́ко, макед. дыял. стрико ‘стрый, дзядзька, дарослы мужчына’, ст.-слав. стрыи, ‘тс’. Прасл. *stryjь, *strъjь ‘стрый’. Этымалагічныя версіі розныя. Паводле Мікалы (Ursl. Gr., 65), славянскае слова набліжаецца да лац. patruus ‘стрый’, ст.-інд. pitr̥vyas, авест. tūirya‑, ст.-в.-ням. fetiro/fatirro ‘тс’, ням. Vetter ‘пляменнік’ і ўзнікла, відаць, на аснове і.-е. *pətru̯i̯o‑ ‘бацькоўскі’, прыметніка ад і.-е. *pəter‑ ‘бацька’ (параўн. лац. pater ‘тс’), з больш ранняга *ptru̯i̯o‑ ‘кроўны, брат бацькі’ са змяненнем групы ptr > *str, або, як мяркуе Трубачоў (История терм., 79–81), з улікам авестыйскай формы з ttr > str. Доўгае ‑y‑ у корані развілося з напружанага ъ перад i. Гэтую версію падтрымліваюць Мее, Études, 393; Лер–Сплавінскі, JP, 24, 44; Махэк₂, 584. На іншую думку, слав. *stryjь роднаснае літ. *strūjus ‘дзед’, ст.-ірл. sruith ‘стары, паважаны’, вал. strutiu ‘тс’; гл. Буга, РФВ, 75, 147; Траўтман, 290; Брукнер, 522; Покарны, 1037. Супраць Трубачоў, тамсама. Агляд этымалогій гл. яшчэ Фасмер, 3, 780; Сной₁, 614; Бязлай, 3, 328; Борысь, 583; Шаўр, Etymologie, 73–74; ЕСУМ, 5, 442.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)