Адмысло́вы ’асобы, спецыяльны’ (КЭС, БРС, Бір. дыс., Др.-Падб.), адумысловец ’спецыяліст’ (Гарэц., Др.-Падб.), адумыслоўнасць ’спецыяльнасць’ (Гарэц.), адумысля ’спецыяльна’ (Др.-Падб.), адмыслова ’добра, прыгожа; асобна’ (Бір. дыс.) да мысль. Параўн. польск. umysłowy, umysłowiec. Беларускае слова ўзнікла як культурнае новаўтварэнне ў 20‑я гады XX ст.
Адмянці́ць ’крэпка пабіць’ (Шат.). Магчыма, польскі ўплыў (Польск. miąć ’мяць’ × męczyć ’мучыць’).
Аднаві́ць, ст.-бел. отновити (1615) (Нас. гіст.), отновлену быти (1347) (Нас. гіст.). Гл. новы.
Аднаво́р ’сяўба ў адну руку’ (Сцяшк. МГ), ’адзін раз узаранае поле’ (Шат.) < адна‑ор да араць (гл.).
Адна́дзіць ’адвучыць ад чаго-небудзь дрэннага’ (БРС, Бір. дыс.). Гл. надзіць.
Аднака́шнік (БРС). Гл. кашнік.
Адналі́шнік ’аднаасобнік’ (Юрч.) з рус. единоличник з прыпадабненнем да бел. лішка (Мартынаў, SlW, 69).
Аднару́чка ’мера напрадзеных нітак’ (Нас., Інстр. III) да аднаруч (гл.).