Аста́ркаваты. Рус. остаркова́тый, укр. оста́ркуватий ’тс’. Прыметнік з ‑ават‑ы ўтвораны, відаць, у асобных славянскіх мовах, аб чым сведчыць розны націск і розныя афармленні суфікса, на базе назоўніка остаръкъ, замілаванага ў рускіх гаворках (Вінаградаў, Очерки, 207). Назоўнік утвораны э дзеяслова остареть, які з прэфіксам о‑ ўтвораны ад старѣти < старъ. Гл. стары.
Астаро́нак ’бакавая частка гумна, дзе ляжаць снапы, падрыхтаваныя да абмалоту’ (Сцяшк.). Звязана з старана ’пазуха ў гумне, дзе складваюцца снапы’ (Нас., Сцяшк.); утворана, відаць, з інтэрфіксам а‑ — ‑ак (параўн. азадак і пад.).
Аста́цца. Праслав. ostati sę — зваротная форма да *o‑stati, o‑staviti, утворанага з прэфіксальным o‑ ад дзеяслова *stati (> стаць). Ад гэтага дзеяслова ўтвораны дзеепрыметнік остатъ, адкуль астатак (остатъкъ) (КЭСРЯ, 316) і астача (*остатја). Параўн. падаць, падатак, падача. Дзеепрыметнік даў аснову і для ўтварэння з суфіксам ‑ьн‑ прыметніка остатьний > астатні ’апошні’ (Булахаў, Працы IM, 7, 142; Анічэнка, Праблемы філал., 9). Ад остатъкъ утворана остаточьныи (Карскі, Труды, 372; Булахаў, Працы IM, 7, 141) і астаткавы (остатък‑ов‑ъ); ст.-бел. остатечный ’апошні’ — з польскай (Гіст. лекс., 96), дзе ъ > е. Ад гэтага ж дзеяслова ўтворана было осталь ’тое, што засталося’ (Даль; гл. КЭСРЯ, 315), адкуль астальцы ’астатак’ (Касп.), ст.-рус. остальць ’той, што застаўся’.
Астачарце́ць ’абрыднуць’ (КТС). Відаць, з рус. осточертеть ’надаесці як сто чарцей’, утворанага з цыркумфіксам о‑ — ‑еть (Фасмер, 3, 164; КЭСРЯ, 316).
Асташы́ ’рыжыя боты’ (Шн.). Рус. смал., пск. осташи́ ’тс’. Паводле назвы месца вырабу — Осташков Калінінск. вобл. (Даль), утворанай ад уласнага імя Остатка. Баханькоў, Бел.-рус. ізал., 13–15.
Астожжа ’месца, дзе быў стог’ (Бяльк.), рус. остожье ’лужок прыкладна на стог сена, пляцень вакол стага, падсцілка пад стог’, серб.-харв. о̀стожје шост, што служыць асновай для стага, стог’. Сюды ж, відаць, астэжа ’падмосткі пад стог’ (стол., ДАБМ, 878). Утворана, відаць, з цыркумфіксам о‑ — ‑ije ад слова стог. Звычайна, словы з о‑ мелі значэнне наваколля, таму не выключана, што першаснае значэнне іменна: ’нейкая загарадка вакол (магчыма, будучага) стага’. Гл. стог.
Асто́пкі ’стары, стаптаны абутак’ (Жд.). Укр. дыял. остопки. Гл. атопак ’тс’; ‑с‑ устаўлена як вынік кантамінацыі з стаптаць.
*Асто́ркнуць, осто́ркнуты ’спыніцца, пасяліцца, знайсці дах’ (Клімч.). Няясна. Магчыма, да таркаць ’штурхаць, дакранацца’, але семантычна незразумела. Можа да польск. usterknąć ’спатыкнуцца, спаткаць нейкія цяжкасці’?
Асто́яцца ’ўтрымацца на нагах; адстаяцца (пра вадкасць)’ (БРС, Сцяц.). Укр. стар. остоятися ’тс’. Магчыма, з ст.-рус. отстоятися; націск указвае на пазнейшы, хутчэй польскі ўплыў (параўн. польск. ostoja ’аснова’, а таксама астоя ’база’, Шакун, Гісторыя, 313). Сувязь з стаяць (гл.) безумоўная, але гісторыя гэтага ўтварэння няясная.
А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.