Стары́ ‘шматгадовы’, ‘даўні’, ‘зношаны’, ‘старажытны, мінулы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж дзеяслоў старэ́ць (ТСБМ). Параўн. укр. ста́рий, рус. ста́рый, стараж.-рус. старъ, польск., в.-луж., н.-луж. stary, чэш., славац. starý, серб.-харв. ста̏р, славен. stàr, балг., макед. стар, ст.-слав. старъ. Прасл. *starъ ‘стары’ з’яўляецца архаічным прыметнікам з суф. *‑rъ ад дзеяслова *stati ‘стаць’; гл. Борысь, 577–578. Роднасныя літ. stóras ‘тоўсты, аб’ёмісты’, ст.-ісл. stórr ‘вялікі, дужы, важны, мужны’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. sthirás ‘моцны’ (Фасмер, 3, 747 з літ-рай). Борысь (там жа) з улікам семантыкі і.-е. паралеляў прапаноўвае наступны шлях семантычнага развіцця славянскага *starъ: ‘сталы, моцны’ → ‘той, які знаходзіцца ў поўнай сіле, дужы’ → ‘немалады, стары’; уласна, гэта семантычная інавацыя, якая часткова выцесніла прыметнік *větьxъ (гл. ветхі). Гл. яшчэ Сной₁, 604; Шустар-Шэўц, 1355; Глухак, 580; ЕСУМ, 5, 398. Паводле Мартынава (Язык, 84–85), семантычны зрух у праславянскай ‘вялікі, моцны’ → ‘стары’ адбыўся пад уплывам *matorъ ‘сталы, стары’ — пранікнення з італійскіх моў, параўн. лац. mātūrus ‘спелы, стары’, гл. мацёры.