Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)