Стог ‘вялікая капа сена, саломы’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), дыял. таксама ‘сцірта’, ‘капец’, ‘укладка дроў’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стіг, рус. стог, рус.-ц.-слав. стогъ, польск. stóg, в.-луж. stóh, н.-луж. stóg, чаш., славац. stoh, серб.-харв. сто̂г і сто̏г, славен. stȍg, балг., макед. стог. Прасл. *stogъ ‘сцірта сена, саломы і да т. п., якая ўложана вакол кала, шаста’ < і.-е. *stogo‑, роднаснае ст.-ісл. stakkr ‘стог сена, пласт’, staki ‘кол, жэрдзь’, гл. Младэнаў, 669; Тэрас, ZfslPh, 19, 122 і наст.; Борысь, 579. Параўноўваюць яшчэ з літ. stógas ‘страха’, ст.-прус. steege ‘адрына’, ст.-інд. sthágati ‘укрывае’; Фрэнкель, 911; Траўтман, 288. Супраць Покарны, 1013; гл. Фасмер, 3, 763 з аглядам літ-ры; Шустар-Шэўц, 1159; Бязлай, 3, 319; Махэк₂, 578–579; ЕСУМ, 5, 418. Роднаснае стажар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)