Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ку́па

1. Куча пяску (Кам.).

2. Кучка зямлі, якую нарыў крот; кратавінне (Бельск., Гродз.). Тое ж ку́пка (Гродз.).

3. Гай з адной пароды дрэў на высокім месцы сярод лесу; кучка дрэў (Віц. Нік. 1895).

4. Перагной, чарназём (Азяр. Касп., Пол.).

5. Торф (Беш. Касп.).

6. У актах (1529). Населены пункт, дзе гоняць смалу, выпальваюць попел, робяць дубовыя брусы (ванчос), клёпку (Люб. 1893, 490).

купа́йла

1. Мокрае месца; лужа (Ст.-дар.).

2. Месца, дзе купаецца свіння ў гразі (Стол.).

3. Ямка круглай формы на пяску, на засеяным полі, якую выграблі куры (Ст.-дар.).

купа́к Участак або частка лесу з аднастайнай расліннасцю (Зах. Палессе Талст.).

ку́палка Месца ў рацэ, дзе купаюцца дзеці (Стол.).

купе́ла

1. Балотца, круглая ўпадзіна сярод поля, лугу (Слаўг.).

2. Паглыбленне ў пяску, дзе купаюцца куры, або ў засеве, дзе яны выбіраюць зерне (Слаўг.).

ур. Гаўры́льчыкава купела (паглыбленне з вадой) каля в. Шаламы Слаўг., ур. Купела (поле) каля в. Целяшы Слаўг.

купе́лішча

1. Упадзіна на месцы асушанага купела 1 (Слаўг.).

2. Мелкае месца з вадой, дзе купаюцца птушкі; лужына (Дзіс., Слаўг.).

3. Месца ў пяску, дзе купаюцца куры (Слаўг.).

купе́лна Месца, паглыбленне круглай формы (Стол.).

ур. Купеліна (поле) каля в. Кароцічы Стол.

ку́піна́ Асобны ўзгорачак на сухім або вільготным лузе, у балоце; махавы балотны пагорачак (Беш. Касп., Віц. Нік. 1895, Нясв., Слаўг.). Тое ж ку́піна (Рэч. Стол.), купі́на (Нясв., Шчуч.).

в. Купінск Гродз., ур. Ку́піна (востраў сярод старыка на лузе) каля в. Улукі Слаўг.

купіна́ Месца, ямка, дзе выгараў торф, якая ў дажджлівае лета запоўнена вадой (Слаўг.).

купленіна У актах (1539). Куплены ўчастак зямлі (Гродз. АВК XVII, № 18). Тое ж ку́пля, ку́плішча, ку́плінне (Слаўг.).