Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дра́ча

1. Мёрзлая, не пакрытая снегам зямля (Мсцісл. Юрч.).

2. Снег на дарозе, змёрзлы пасля адлігі (Мсцісл. Юрч.).

дром Зараснік крапівы, ажыны, малінніку, павою-бярозкі Convolvulus arvensis і іншай высокай травы ў лесе на нізкім месцы, у цяністых кустах, па равах (Слаўг.).

друз

1. Буйны пясок, востравугольныя абломкі, якія складаюць асадачную горную пароду; грант (БРС).

2. Перабітая і засохлая камякамі зямля (Сміл. Шат.).

3. Смецце з зямлёй (Кар., Слаўг., Сміл. Шат., Я. Купала. Вершы. Паэмы. 1958, 25).

4. Шчэбень, дробныя кавалачкі ад разбітага камення, цэглы, шкла (БРС).

друза́

1. Гразь, твань, іл, смецце (Слаўг.). Тое ж друзга́, друзя́, друзня́к. (Слаўг.).

2. Густа парослыя крышталі на каменні (БНТ). Тое ж гра́нец, гранцы́ (Гродз.).

3. Смецце з зямлёй (Слаўг.).

друя́к Ралля, якая ўзарана плугам другі раз; паўторнае ворыва (Вілен.).

дрыво́тня Месца для дроў на двары; дрывяны склад (БРС).

дрыгва́ Зыбкае балота, пакрытае тонкім слоем расліннасці (БРС). Тое ж дрыгба́, дрызья́, дрыгбі́на (Пол. Талст. 178), дрыгві́на́ (Слаўг.), дзвіж (Усх. Палессе Талст.), дрігу́н (Цэнтр. Палессе Талст.), дрыч (Віц., на паўн. усх. ад Оршы ДАБМ), дрэгва́ (Стол.), дрягба́ (Тал. Мядзв.), дря́гва́ (Слаўг., Смален. Дабр., Тал. Мядзв.), дрігва́ (Слаўг., Смален. Дабр.), дрігві́на́ (Слаўг.), дрогва (Маг. губ. вед., № 44, 1854, 794), дрогкінь, драгкіня́, драгкі́нь (Слаўг.), драгва́ (Ветк., граніца Ігум. і Бабр. пав., р. Пціч Серб. 1914, 4, Палессе Талст., Пух. Шат., Слаўг., Ст.-дар., Стол., Шчуч.), драгба́, дра́жка (Віц., Беш. Касп.), драгна (Тур. Нав. 218), здмух (Брэст., Зах. Палессе Талст.), ды́хавіна (Уздз. ДАБМ), ды́хля (Хоц. Бяльк.), пу́хля́, пухня́ (Слаўг.).

в. Дра́жын (на мяжы Ігум. і Бабр. пав. Серб. 1914, 4).

дры́са́к Калчадан, камяк жалезнай балотнай руды (Гродз., Слаўг.). Тое ж дрысга́ (Навагр., Слаўг.).

дубінёўка Месца, багатае дубамі (Слаўг.). Тое ж дубіноўка, ду́бна, ду́бня, дубовае, ду́браўка (Слаўг.).

ур. Дубінёўка (луг, поле) каля в. Урэчча Слаўг., в. Ду́бна Кліч., ур. Ду́браўка (поле) каля в. Пасека Ст.-дар., ур. Ду́браўка (прырэчны луг) каля в. Беражцы Жытк.

дубня́к Участак лесу, дзе багата расце дубу; малады дубовы зараснік (БРС). Тое ж ду́бнік (Віц. Нік. 1895, Слаўг.), дубні́к (Докш., Жытк., Лёзн., Сал., Слаўг., Ст.-дар., Стол.), дубы́ (Стаўбц.), дубіна́ (Брэст., Гродз. Лемц. Айк., Слаўг.), дубі́на (Валож., Слаўг., Палессе Талст.).