Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзядо́ўнік Месца, якое густа зарасло дзядкамі Arctium tomentosum chrans (БРС). Тое ж дзяды́ (Слаўг.).

дзяко́ўшчына Участак зямлі, які належаў дзяку (Нас.).

дзя́лка

1. Палоска, выдзелены ўчастак пасеву, лугу, лесу (Жытк., Нясв., Сал., Стол., Шчуч.).

2. Кавалак зямлі, якім надзялялі малазямельных беларусаў у Польшчы (Зах. Бел., Стаўбц. Прышч.).

дзяля́нка

1. Палоска, адмераны ўчастак логу, пасеву, лесу (БРС). Тое ж дзялёнка (Слаўг.).

2. Распрацаваны ўчастак лесу, ляда (Жытк.).

дзянні́к Абгароджанае або неабгароджанае месца ў полі або ў лесе для дзённага знаходжання жывёлы (Віц. Нік. 1895, Кузн. Касп.). Тое ж пагон (Жалуд., Маст.).

дзярэ́ўня

1. Вясковы населены пункт, дзе раней не было ні царквы, ні панскіх будынкаў; невялікі нас. п. (Ветк., Маг., Нясв., Шчуч.).

2. Стар. Паселішча ў лесе на высечаным месцы (Люб. ГР, 91).

3. Цэнтр вёскі (Маг., Нясв.).

4. Асобная сялянская сядзіба на водшыбе сяла ці ў лесе (Леант. 78).

Дзярэўня — старая частка в. Любаны Слаўг.

дзя́тлавіна Добры, сухадольны лог, дзе расце густы мурог, дзяцеліна белая Trifolium repens L. (Слаўг.). Тое ж дзя́тліна (Слаўг.).

дзяці́нец

1. Стар. Крэмль — унутраная частка замка, горада.

2. Замчышча; месца, дзе быў дварэц, панскі замак (Кап. Серб. 1914, 76).

3. Пляцоўка каля хаты, абгароджаная надворнымі будынкамі (Зах. Бел.). Тое ж панадвор'е, панадворычча (Слаўг.).

до́ба

1. Выгода — прыгожы ландшафт, добрая зямля, блізка лес, луг, вада (Слаўг.).

2. Пара, час (Слаўг., Стол.).

3. Суткі (Стаўбц., Шчуч.). Тое ж су́дкі (Слаўг.).

дол

1. Паверхня зямлі (БРС).

2. Месца паміж узгоркамі; нізкае поле (Навагр., Пух. Шат., Слуцк. Мал. 172, Стаўбц., Шчуч.).

3. Яма, магіла (БРС).

4. Заліўны луг (Кобр. Гільт. 67). Тое ж дул (Кобр.).