Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пахады́ Глухія патаемныя мясціны, сцежкі; хованкі (Ст.-дар.). Тое ж хады́ (Слаўг.).

па́хань Узаранае ці засеянае поле (Слаўг.). Тое ж па́хаць (Лёзн., Слаўг.), па́хата (Рэч., Ст.-дар.), пашня́, пашэнька (Слаўг.).

па́хаць Поле, засеянае ўпершыню (Докш.).

пахо́вішча Бліндаж (Гродз.); месца хованкі ад ворагаў; сховішча (Слаўг.).

пахо́д Бойкае месца, дзе ходзяць і ездзяць (Слаўг.).

пахо́насць Адхон, спад гары, берага (Нясв., Слаўг.).

пахо́ў Пограб, склеп (Гродз., Зах. Бел. Др.-Падб.).

па́цепнік

1. Дробны хмызняк; кусты (Віц., Нас., Тал. Мядзв., Сен. Чашн. Касп., Слаўг.). Тое ж па́цяпнік (Мсцісл. Юрч., Слаўг.), пашы́йнік (Лёзн.), поцябнік (Слаўг.), поцяпнік (Слаўг., Смален.).

2. Дробныя бярозавыя дровы (Маг. губ. вед., 1854, № 47, 843).

па́цепнішча Абшар дробнага зарасніку; месца, дзе высечаны нізкарослы параснік (Слаўг.). Тое ж поцябнік, поцябкі (Слаўг.).

пацёкі

1. Намывы пяску пасля ліўневага дажджу (Мсцісл. «Маладосць», 1968, №12, 44).

2. Тоненькія ручайкі на крынічным месцы; мокрае месца (Слаўг.). Тое ж поцяк, поцякі, поцягі, паця́гвіны (Слаўг.).