Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

макрата́ Увільготненае, вадзяное, гразкае або балоцістае месца (БРС). Тое ж макроцце, макра́дзь, макраццё, макра́дла, макра́нка, макра́ддзе, макры́шча, мо́кры́чча, (Слаўг.), мокрадзь (Гродз. Гарб. 220, Маг. пав. 1654 АЮЗР, XIV (дап. да т. 3), 312), макрае́ддзе (Краснап. Лемц. Дыс.), мокрае (Бых.), макрота (БРС).

□ в. Мокрадзь Лаг.

маладня́к Малады лес да прачысткі, лясны зараснік (БРС). Тое ж моладзь (Маладз.), маларост, маладзе́на, маладзён (Слаўг.), маложа (Сен. Касп.).

□ в. Маложы Віц. (Рам. Мат.), в. Моладзі Лаг.

малі́ннік Зараснік маліны Rubus idaeus L. (БРС). Тое ж малі́ны (Арш., Гродз., Жытк., Пол.), малі́на (Слаўг., Шчуч.).

марко́ўнік Сасновы абалоністы лес (Слаўг.).

маро́чна Балота; гразкая паляна сярод лесу (Цэнтр. Палессе Талст.). Тое ж марочына (Цэнтр. Палессе),марочня (Стол. ДАБМ).

мар'я́нка Невялічкі астравок (Маз.).

масці́шча Месца, дзе быў мост і грэбля (Слаўг.). Тое ж мосцішча, машчы́шча, мастоўе, маставі́шча (Слаўг.).

□ ур. Масці́шча (балотца) каля в. Клетнае Глуск. (Янк. II), ур. Масцішча на левым беразе р. Рудні́цы каля в. Рудня Слаўг., пас. Масцішча ў в. Рэкта Слаўг., ур. Машчы́шчы Стол.

махаві́к Месца, якое парасло мохам (Слаўг.). Тое ж махаві́ца (Смален. Дабр.).

□ в. Махава́я (прыкладна з 1585 г. Махава) Чав., пас. Махава́я (1929) каля в. Лютня Краснап.

махо́ўка Невялікае балотца, у якім расце белы мох (сфагнум) (Слаўг.).

□ ур. Махоўка і Махоўка Ладу́ркава (балотца) каля в. Любаны Слаўг., в. Машэцкая Слабада Слаўг.

мача́жына Мокрае месца (Слуцк.). Параўн.: Па калдобінах, мачажынах і гацях Колькі зломана было калёс, карэтаў (ЛіМ, 4/XI 1966, 3).