Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́нія

1. Вузкая лесасека паміж ляснымі дзялянкамі (БРС), але без праезджай дарогі (Слаўг.). Тое ж ліне́йка (Стол.).

2. Палявая пешаходная дарожка; шырокая сцежка (Крыч.).

3. Мяжа паміж палямі (Лёзн., Сал.).

4. Узровень стаячай вады, звычайна прыкметны па берагавых абрысах (Слаўг.).

лі́пішча Месца, дзе расла ліпа (Слаўг.).

ліпня́к Ліпавы лес Tilia, ліпавы зараснік (БРС). Тое ж лі́па, лі́пнік, лі́пі́шча, ліпаўё, лі́павічча, ліпняччо, лі́пічча, лі́пнівічча, лі́пішчаўе, лі́пачча, лі́пкі, ліпя́к, ліпча́, ліпня́, лі́піста, лі́пста, ліпа́к, лы́чнік, лы́кі (Слаўг.), лі́пнік, лі́пкі (Жытк.).

в. Ліпа і р. Ліпа каля Буда-Кашалёва, в. Вялікая Ліпаўка Хоц., пас. Ліпнік у в. Рэкта Слаўг., в. Ліпнікі Слуцк., ур. Наліпкі каля в. Беражцы Жытк.

лоб

1. Пярэдняя ад вёскі частка лугу (Крыч.).

2. Узгорак, узвышша (Крыч.).

ур. Лобаўкі (частка лугу в. Людкоў) каля в. Асінаўка Слаўг.

ло́вішча У актах. Месца, дзе ловяць звяроў, птушак, рыбу (Нас. АУ). Тое ж ловы.

лог

1. Звычайна сухадольны луг паблізу вёсак, паміж палёў, каля рэчак, у неглыбокіх раўках (БРС).

2. Шырокая нізіна, даліна (БРС).

3. Балота, дрыгва, мокрае месца на лузе (Зах. Бел. Др.-Падб., Рэч., Стаўбц.).

ур. Лог (поле) Стаўбц. (Прышч.), ур. Процкі лог (сенажаць) каля в. Шаламы Слаўг.

ло́гавішча Месцазнаходжанне звяроў (БРС); бярлога для жывёл (Слаўг., Стол.). Тое ж логава (БРС), ло́гві́шча (Слаўг., Стол.), логва (Слаўг., Сміл. Шат., Шчуч.).

ло́гвіна Месца, дзе качаўся конь (Слаўг.).

ло́жа Паглыбленне, дзе цячэ рака, рэчка, крыніца; рэчышча (БРС).

лом

1. Стар. Вадаём, пераважна рака (Рам. Мат., 131—132).

2. Вогнішча, палаючы касцёр (Паст.).

ручай Лом (Віц. Рам. Мат., 131 —132); в. Лом Сучка́ Віц. (Рам. Мат., 152).