Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ласа́ Гладкая ціхая паласа на вадзе (Панямонне).

ла́тачына Паверхня чыстай вады ў зарослым возеры (Касц. Бяльк.).

лато́ка

1. Схіл гары (Уш.).

2. Невялікая сенажатная ўпадзіна паміж гор (Беш., Чашн. Касп., Уш.).

□ ур. Гу́зікава Латока (параснік на схіле гары) Уш.

лаўжо́ Месца, дзе ляжаў заяц (Віц., Пол.).

ла́ўка Лука, луг. (Бяс.). Параўн.: На ла́ўца, на лаўца, На Я́нковой горе (Бяс., 149).

ла́ўра Стар. Падземны ход, катакомбы. Тое ж ла́ўрыя (Слаўг.).

□ Беларуская Лаўра (Куцеінскі мужчынскі Пакроўскі манастыр (1636) ва ўрочышчы Дубкі) («Наш край», 1926, № 8—9 (1 —12), стар. 49).

лаха́

1. Рачны праток, рукаў (Вілен.).

2. Раздзельнае вусце ракі (Вілен.).

лачу́га Балота; буйное сена, балотная іржавая асака (Стол.). Тое ж лацу́га (Слаўг.).

ле́дніца Месца, дзе зімой нарыхтоўваюць лёд (Уш.).

□ ур. Ле́дніца (месца каля возера) недалёка ад в. Чарсвяны Уш.

ле́жбішча Месца ў пасевах ці ў траве, дзе ляжаў звер, чалавек (Слаўг., Стол.). Тое ж ле́жня, ляжня́, калтобіна (Слаўг.), лёжка (Слаўг.).