АІ́Д,
Гадэс, Плутон, у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.
т. 1, с. 173
АІ́ДЫІ
(лац. oidium, адз. л., памяншальнае ад грэч. ōon яйцо),
артраспоры, споры вегетатыўнага размнажэння, якія ўтвараюцца пры распаданні гіфаў грыбніцы на асобныя дробныя клеткі ў некат. недасканалых і базідыяльных грыбоў. Пры ўтварэнні аідый пад клетачнай абалонкай гіфаў закладваецца новая абалонка. Памеры аідый ад 2,5 да 8 мкм.
т. 1, с. 173