Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́РНА,

млекакормячае атр. парнакапытных, гл. Серна.

т. 14, с. 183

СА́РНАТЭ,

неалітычная тарфянікавая стаянка 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў Вентспілскім р-не Латвіі. Выяўлены рэшткі 25 жытлаў, у т. л. 5 лёгкіх чатырохвугольных пабудоў з двухсхільнымі дахамі, драўляныя вёслы, коп’і, бумерангі, лыжы, калатушкі для разбівання арэхаў, матыкі, каўшы з зааморфнымі ручкамі, рэшткі рыбалоўных сетак, гліняны посуд і інш. Даследавана свяцілішча з драўляным ідалам і майстэрня па вырабе рэчаў з бурштыну. Асн. заняткі насельніцтва — рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва. У тарфяніку С. таксама знойдзены рэшткі стаянкі з ямкава-грабеньчатай керамікай (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).

т. 14, с. 183

САРНО́Ў, Сарноф (Sarnov, Sarnoff) Давід (Дэвід, 27.2.1891, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1971), амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё- і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы д-р Калумбійскага, Нью-Йоркскага і інш. ун-таў. Брыгадны генерал (1944). З 1900 у ЗША. З 1906 у «Кампаніі бяздротавага тэлеграфа Марконі» (Нью-Йорк). З 1919 у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (з 1922 віцэ-прэзідэнт, з 1930 прэзідэнт, у 1947—70 старшыня савета дырэктараў). З пач. 1920-х г. дарадца 10 прэзідэнтаў ЗША. 14.4.1912 прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік», які тануў, і 3 сут падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі. Выказаў ідэі муз. радыёвяшчання і выпуску радыёпрыёмнікаў (1915—16). Заснаваў Нац. радыёвяшчальную кампанію Эн-Бі-Сі (1926). Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцгвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магн. відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны маст. фільм (1964). Удзельнічаў у стварэнні сістэм касм. сувязі, камп’ютэрызацыі ЗША. Міжнар. ін-т інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Тв.:

Looking ahead: The papers of David Sarnoff. New York, 1968.

Літ.:

Lyons E. David Sarnoff: A biography. New York, 1966;

Dreher C. Samoff: An american success. New York, 1977;

Bilby K.W. The General: David Samoff and the rise of the communications industry. New York, 1986.

М.​М.​Касцюкавіч.

Д.Сарноў.

т. 14, с. 183

САРО́,

возера ў Бешанковіцкім р-не на мяжы з Сенненскім р-нам Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 18 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 5,31 км², даўж. 9,47 км, найб. шыр. 910 м, найб. глыб. 36,3 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 104 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 20—25 м (на З да 10 м), на Пн паніжаюцца да 2 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. На Пд на выш. 1,5 і 7 м тэрасы. Берагі выш. 0,5—0,8 м пясчаныя, на Пн нізкія забалочаныя. 2 астравы агульнай пл. 0,04 га. Зона мелкаводдзя ўздоўж усх. берагоў вузкая, зах. — значна пашыраецца. Пяскі адзначаны да глыб. 7—11 м у паўд. і 4 м ў паўн. ч. катлавіны, апясчаненыя адклады — адпаведна 15—18 і 8 м. Глыбакаводная зона выслана гліністым ілам. Мінералізацыя вады да 270 мг/л, празрыстасць 3,9 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрафіі. Шыр. прыбярэжнай паласы трыснягу і чароту 5—40 м. Да глыб. 3,5—5 м растуць рдзесты, рагаліснік, эладэя, імхі. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Тросна, выцякае ручай у воз. Астровенскае.

Возера Саро.

т. 14, с. 183

САРО́КА (Pica pica),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, зах. абласцях Паўн. Амерыкі. На Беларусі шматлікі, звычайна аселы від. Зімой вандруе невял. чародамі, часта трымаецца населеных пунктаў, асабліва сельскага тыпу. Селіцца ў драбналістых лясах, сярод балот і палёў, у поймах рэк, гаях, парках.

Даўж. цела да 48 см, маса да 260 г. Апярэнне мяккае, кантрастнае, чорна-белае з зеленавата-сіняватым бляскам. Хвост доўгі, ступеньчаты. Гняздо будуе ў густых галінах куста або дрэва. Кладка — 5 (6—8) яец. Усёедная. Корміцца насякомымі, яйцамі і птушанятамі дробных птушак, мышападобнымі грызунамі, харч. адкідамі і інш.

Сарока.

т. 14, с. 184

САРО́КА,

частка старадаўняга рус. галаўнога ўбору замужніх жанчын; чахол з палатна, кумачу ці інш. тканіны, які надзяваўся паверх кічкі. Мела вышытую пярэднюю частку, бакавыя лопасці з завязкамі і заднюю частку. Паверх С. завязвалі хустку. Бытавала таксама ў некат. груп мардвы. З канца 19 ст. выйшла з ужытку.

Сарока. Яраслаўская губерня. Расія. 19 ст.

т. 14, с. 184

САРО́КА,

руская назва скарастрэльнай мнагаствольнай гарматы ў 16 — пач. 17 ст. Складалася з аднатыпных пісталетных, ружэйных або пішчальных ствалоў, змацаваных на адным лафеце. Запальныя адтуліны ствалоў кожнага рада злучаліся агульным жолабам з порахам для адначасовага загарання зарадаў. Страляла залпамі. У Зах. і Цэнтр. Еўропе С. наз. арганам.

Сарока барабаннага тыпу.

т. 14, с. 184

САРО́КА (Валерый Майсеевіч) (н. 14.11.1938, Мінск),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961). З 1960 артыст, з 1965 канцэртмайстар Сімф. аркестра Бел. тэлебачання і радыё, адначасова ў 1962—63 у складзе Квартэта Саюза кампазітараў Беларусі (1-я скрыпка), з 1967 выкладчык (з 1975 таксама кіраўнік камернага аркестра) Рэсп. школы-інтэрната па музыцы і выяўл. мастацтве імя І.​Ахрэмчыка. З 1991 артыст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі, з 1999 дырыжор камернага аркестра гэтага калектыву. Як першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў садзейнічаў канцэртнай прапагандзе бел. музыкі і адраджэнню старадаўняй музыкі Беларусі.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 14, с. 184

САРО́КА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 2.1.1949, в. Асіннікі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі і рэўматалогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1978 у Мінскім мед. ун-це (з 1994 заг. кафедры, адначасова ў 1987—91 дэкан, з 1991 прарэктар).

Навук. працы па механізмах патагенезу, ранняй дыягностыцы, метадах лячэння і прафілактыцы сістэмных захворванняў злучальнай тканкі і суставаў, тэрапеўт. праблемах у галіне кардыялогіі, пульманалогіі і гастраэнтэралогіі.

Тв.:

Остеопороз: Практич. руководство для врачей. Мн., 1997;

Глюкокортикостероидные гормоны в клинике внутренних болезней. Мн., 2000;

Ревматоидный артрит: Пробл. диагностики и лечения. Мн., 2000 (разам з В.​Я.​Ягурам).

т. 14, с. 184

САРО́КА (Рыгор Васілевіч) (27.11.1823, в. Пакроўская Цвярской вобл., Расія — 22.4.1864),

расійскі жывапісец. У 1842—47 вучыўся ў А.​Венецыянава. Пісаў пейзажы, жанравыя сцэны, інтэр’еры, партрэты. Творы вызначаюцца сузіральнасцю, наіўным успрыняццем ідэі жыццёвай гармоніі, тонкай узгодненасцю тонаў залаціста-карычневай гамы, замкнёнасцю і статычнасцю кампазіцыі, абагульненасцю трактоўкі форм у спалучэнні з дакладным адлюстраваннем дэталей навакольнага асяроддзя: «Рыбакі. Від на возера Молдзіна», «Від на плаціну ў маёнтку Спаскае», «Адлюстраванне ў люстэрку» (усе 1840-я г.), «Гумно», «Кабінет у Астраўках» (абодва 1844), партрэт Венецыянава і інш.

Літ.:

Григорий Сорока: [Альбом]. М., 1970.

т. 14, с. 184