СА́РНАТЭ,
неалітычная тарфянікавая стаянка 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў Вентспілскім р-не Латвіі. Выяўлены рэшткі 25 жытлаў, у т. л. 5 лёгкіх чатырохвугольных пабудоў з двухсхільнымі дахамі, драўляныя вёслы, коп’і, бумерангі, лыжы, калатушкі для разбівання арэхаў, матыкі, каўшы з зааморфнымі ручкамі, рэшткі рыбалоўных сетак, гліняны посуд і інш. Даследавана свяцілішча з драўляным ідалам і майстэрня па вырабе рэчаў з бурштыну. Асн. заняткі насельніцтва — рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва. У тарфяніку С. таксама знойдзены рэшткі стаянкі з ямкава-грабеньчатай керамікай (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).
т. 14, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)