Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ЛАШЫ ((Szálasi) Ферэнц) (6.1.1897, г. Кошыцы, Славакія — 12.3.1946),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1925—35 афіцэр Ген. штаба (з 1932 маёр). У 1935 заснаваў праварадыкальную «Партыю волі нацыі» (забаронена ўладамі ў крас. 1937). У 1938—40 зняволены па абвінавачанні ў дзейнасці супраць урада М.​Хорці. З 1940 лідэр прафаш. партыі «Скрыжаваныя стрэлы» (гл. Нілашысты). Са жн. 1944 пры падтрымцы ням. фашыстаў разгарнуў падрыхтоўку да захопу ўлады, каб не дапусціць выхаду Венгрыі з 2-й сусв. вайны. З 16.10.1944 да 27.3.1945 узначальваў уладу («правадыр нацыі») на частцы тэр. Венгрыі, занятай ням.-фаш. войскамі. У 1946 нар. судом Венгрыі прыгавораны да пакарання смерцю як ваен. злачынца.

т. 14, с. 106

САЛАШЭ́НКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 22.3.1927, с. Ніжняе Старадубскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1985), праф. (1986). Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў БДУ (1957). З 1962 у Магілёўскім машынабудаўнічым ін-це (у 1977—88 заг. кафедры філасофіі і навук. камунізму, у 1989—91 дэкан ф-та грамадскіх дысцыплін, з 1992 праф. кафедры гуманітарных дысцыплін). Даследуе гісторыю паліт. партый у Беларусі.

Тв.:

Из истории распространения марксизма в Белоруссии (1883—1904 гг.). Мн., 1963;

От народничества к марксизму: Распространение марксизма и образование социал-демокр. орг-ций в Белоруссии. Мн., 1971;

Большевики в борьбе с мелкобуржуазными партиями в Белоруссии (1903 — март 1917 гг.). Мн., 1981.

т. 14, с. 106

САЛВАДО́Р (Salvador),

Сан-Сальвадор, Баія, горад на ПнУ Бразіліі, на беразе зал. Тодуз-ус-Сантус Атлантычнага акіяна. Адм. ц. штата Баія. Засн. партугальцамі ў 1549, да 1763 — адм. ц. каланіяльнай Бразіліі. Больш за 2,2 млн. ж. (2000). Марскі порт (вываз какавы, кавы, тытуню, цукру, каштоўнай драўніны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: хім., харчасмакавая, тэкст., гарбарна-абутковая, дрэваапрацоўчая. У прамысл. прыгарадах — нафтаперапр., нафтахім., маш.-буд. прам-сць, чорная металургія. 2 ун-ты. Маст. і інш. музеі. Шматлікія арх. помнікі 16—18 ст.: палацы, саборы, кляштары і інш. Гіст. цэнтр С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 14, с. 106

САЛДА́Т (ням. Soldat ад італьян. soldo манета, жалаванне),

1) пярвічнае (малодшае) воінскае званне ў арміях многіх дзяржаў; катэгорыя ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных у званнях радавы, яфрэйтар і інш. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. З 15 ст. ў Італіі С. наз. воінаў-наёмнікаў, якія атрымлівалі жалаванне за службу. У Рас. імперыі назва С. пашырылася ў 17 ст., існавала (з перапынкамі) да 1917. У Сав. Арміі катэгорыя «С.» уведзена ў 1946 (з 1918 да 1946 С. наз. чырвонаармейцамі).

2) У шырокім сэнсе С. — баец, воін, ваенны чалавек ( у любым званні і ўзросце), які захоўвае адпаведны менталітэт і выпраўку (напр., стары С.), а таксама партызан (лясны С.) і інш. 3) У пераносным сэнсе — удзельнік якой-н. арг-цыі або грамадскага руху, які прысвяціў сябе іх мэтам і задачам або пэўнай справе (напр., С. партыі, рэвалюцыі, супраціўлення і інш.).

т. 14, с. 106

САЛДА́ТАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 19.5.1937, г. Смаленск, Расія),

бел. фізікахімік. Акад. Нац. АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1977), д-р хім. н. (1970), праф. (1972). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі (з 1966 заг. лабараторыі). З 1981 дырэктар і заг. лабараторыі Ін-та фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі, адначасова ў 1988—92 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі іоннага абмену і тэрмадынаміцы іонаабменных раўнаваг, даследаванні іонаабменных працэсаў у многакампанентных сістэмах. Распрацаваў агульныя прынцыпы, тэхналогію атрымання і рэгенерацыі іанітнай глебы, тэарэт. асновы атрымання палімерных мембран зададзенай структуры і спосабы іх выкарыстання для ачысткі газаў і вадкасцей ад мікрачасцінак і бактэрый. Стварыў мікрафільтры тонкай ачысткі тэхн. асяроддзя для вытв-сці інтэгральных мікрасхем. Прэмія Ленінскага камсамола 1971. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Простые ионообменные равновесия. Мн., 1972;

Ионитные почвы. Мн., 1978 (разам з Н.​Р.​Пёрышкінай, Р.П. Харошка);

Ионообменные равновесия в многокомпонентных системах. Мн., 1988 (разам з В.​А.​Бычковай).

У.С.Салдатаў.

т. 14, с. 106

САЛДА́ТКІН (Міхаіл Цімафеевіч) (10.11.1919, в. Сасноўка Ульянаўскай вобл., Расія — 17.12.1987),

бел. вучоны ў галіне цеплазабеспячэння і вентыляцыі. Д-р тэхн. н., праф. (1973). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Скончыў Горкаўскі інж.-буд. ін-т (1948). З 1953 у БПІ (з 1960 прарэктар, з 1972 заг. кафедры). Навук. працы па тэрмаапрацоўцы бетону, панэлей, па даследаванні фільтрацыі паветра і цеплафіз. параметраў буд. матэрыялаў.

Тв.:

Разлік фільтрацыі паветра праз керамзітабетонныя матэрыялы (разам з В.​Д.​Акельевым) // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергет. навук. 1968. № 3;

Анализ существующих путей выбора режимов тепловой обработки бетонных изделий // Отопление, вентиляция и строительная теплофизика. 1973. Вып. 2.

т. 14, с. 106

САЛДА́ЦКІЯ КАМТТЭ́ТЫ.

армейскія камітэты, выбарныя органы ў расійскай арміі (ад франтавых да ротных) у 1917—18. Узніклі ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 у адпаведнасці з загадам № 1 Петраградскага Савета ад 1(14).3.1917. У сак.—маі 1917 у дзеючай арміі ўзнікла каля 50 тыс. С.к., якія кантралявалі выкарыстанне зброі, вырашалі пытанні ўмацавання дысцыпліны, гасп., культ.-асв. і інш. (рашэнні зацвярджаліся адпаведным начальнікам); у іх склад уваходзілі таксама афіцэры і ваен. чыноўнікі. Паводле характару дзейнасці С.к. былі аднатыпныя з Саветамі рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, дзейнічалі ў кантакце з імі, удзельнічалі ў мясц. і Усерас. з’ездах Саветаў. Да восені 1917 у С.к. панавалі меншавікі і эсэры, пасля задушэння Карнілава мяцяжу 1917 — бальшавікі. У ходзе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 да С.к. перайшла ўся паўната ўлады ў войсках. Скасаваны вясной 1918 пры роспуску старой рас. арміі.

т. 14, с. 106

САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

гл. ў арт. Рэкруцкія і салдацкія песні.

т. 14, с. 106

САЛЕ́ (араб. Сла, Сала),

горад у Марока, на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Бу-Рэгрэг; уваходзіць у склад сталічнай агламерацыі г. Рабат. Засн. ў 11 ст. Каля 500 тыс. ж., у агламерацыі каля 1,5 млн. ж. (2000). Марскі порт. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харч. (кансервавая, мукамольная, алейная) і дрэваапрацоўчая. Саматужная вытв-сць дываноў і ганчарных вырабаў. Сярэдневяковыя сцены са шматлікімі брамамі. Вялікая мячэць (11—12 ст.), медрэсэ Абу-ль-Хасана і Бу-Інанія (14 ст.).

т. 14, с. 106

САЛЕ́ЕЎ (Вадзім Аляксеевіч) (н. 27.5.1939, С.-Пецярбург),

бел. філосаф, культуролаг, маст. крытык. Д-р філас. н. (1992), праф. (1994). Засл. дз. культ. Беларусі (2000). Скончыў БДУ (1962). З 1970 у БПА. З 1995 гал. рэдактар часопіса «Асновы мастацтва», адначасова з 1996 заг. аддзела Нац. ін-та адукацыі Беларусі. Навук. працы па праблемах слав. і бел. культур, эстэтыкі, філас. адукацыі, тэорыі мастацтва, маст. крытыкі, эстэт. і маст. выхавання. Распрацоўвае канцэпцыі развіцця нац. культуры, маст. адукацыі і эстэт. выхавання дзяцей і моладзі на Беларусі, методыку артстрэстэрапіі і артстрэспедагогікі.

Тв.:

О художественном вкусе. Мн., 1975;

Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Современная эстетика Белоруссии. Мн., 1979;

Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;

Язык в национальной культуре. Мн., 1992;

Этническое в художественной культуре. М., 1992;

Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;

Эстетическое восприятие и детская фантазия. Мн., 1999 (разам з В.​У.​Івашкевіч).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 14, с. 107