САЛДА́Т (ням. Soldat ад італьян. soldo манета, жалаванне),
1) пярвічнае (малодшае) воінскае званне ў арміях многіх дзяржаў; катэгорыя ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных у званнях радавы, яфрэйтар і інш. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. З 15 ст. ў Італіі С. наз. воінаў-наёмнікаў, якія атрымлівалі жалаванне за службу. У Рас. імперыі назва С. пашырылася ў 17 ст., існавала (з перапынкамі) да 1917. У Сав. Арміі катэгорыя «С.» уведзена ў 1946 (з 1918 да 1946 С. наз. чырвонаармейцамі).
2) У шырокім сэнсе С. — баец, воін, ваенны чалавек ( у любым званні і ўзросце), які захоўвае адпаведны менталітэт і выпраўку (напр., стары С.), а таксама партызан (лясны С.) і інш. 3) У пераносным сэнсе — удзельнік якой-н. арг-цыі або грамадскага руху, які прысвяціў сябе іх мэтам і задачам або пэўнай справе (напр., С. партыі, рэвалюцыі, супраціўлення і інш.).
т. 14, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)