Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАТЭНЦЫ́ЯЛ ІАНІЗА́ЦЫІ гл. Іанізацыі патэнцыял.

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТР (ад лац. potentia сіла + ...метр),

1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.

2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн. патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.

т. 12, с. 187

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),

адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).

Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 12, с. 187

ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,

здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.

т. 12, с. 186

ПА́ТЭР (лац. pater бацька),

святар у каталіцкай царкве.

т. 12, с. 187

ПАТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. paternus бацькоўскі),

заступніцтва, апека старэйшага ў адносінах да малодшых, падапечных. У развітых дзяржавах П. у адносінах да працоўных называюць сістэму дадатковых ільгот і выплат на прадпрыемствах за кошт прадпрымальнікаў. Накіраваны на замацаванне кадраў, на змякчэнне прац. канфліктаў. У міжнар. адносінах тэрмін «П.» выкарыстоўваўся для абазначэння апекі буйных дзяржаў над больш слабымі дзяржавамі, калоніямі, падапечнымі тэрыторыямі.

т. 12, с. 187

ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),

эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 187

ПАТЭФО́Н (ад назвы франц. фірмы «Pathe» + ...фон),

партатыўны грамафон з гукаправодам унутры скрынкі. Створаны ў пач. 20 ст. ў Францыі. З сярэдзіны 20 ст. выцеснены электрафонамі.

т. 12, с. 187