Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАЛО́Н,

гандлёвая назва эластычнага газанапоўненага пластыка на аснове поліурэтану, прынятая ў СССР.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЬДЭГІ́Д, 2,4,6-трыметыл-1,3,5-трыаксан,

цыклічны трымер ацэтальдэгіду, зручная форма яго захоўвання. Бясколерная вадкасць, tпл 12,6 °C, tкіп 124,4 °C, шчыльн. 994,3 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры, хлараформе. Атрымліваюць полімерызацыяй ацэтальдэгіду пры 20 °C у прысутнасці салянай ці сернай к-ты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ацэтатаў цэлюлозы, воцатнай к-ты, воцатнага ангідрыду, гліаксалю, хларалю і інш. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне.

т. 12, с. 87

ПАРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад пара... + магнетызм),

уласцівасць рэчываў слаба намагнічвацца ў напрамку знешняга магн. поля; адзін з відаў магнетызму. Характэрны для рэчываў (парамагнетыкаў), часціцы якіх (атамы, малекулы, іоны, атамныя ядры) маюць уласныя магн. моманты. У адсутнасці знешняга магн. поля яны арыентаваны хаатычна, так што намагнічанасць рэчыва роўная нулю.

Пры наяўнасці знешняга поля магн. моманты арыентуюцца пераважна ўздоўж поля і намагнічанасць вызначаецца формулай J = χH , дзе χ — магнітная ўспрыімлівасць (для парамагнетыкаў пры т-ры ≈ 293 К χ ⁓ 10​−7—10​−4), H — напружанасць знешняга магн. поля. З павелічэннем т-ры ўзрастае дэзарыентавальнае дзеянне цеплавога руху і χ памяншаецца (гл. Кюры закон, Кюры—Вейса закон). Існаванне ў атамаў (іонаў) магн. момантаў, якія абумоўліваюць П., можа быць звязана з арбітальным рухам электронаў у абалонцы атама — арбітальны П., іх спінам — спінавы П., а таксама (у меншай ступені) са спінам атамных ядраў — ядзерны П. (гл. Магнетон). Даследаванне П. дае інфармацыю пра мікраскапічныя магн. ўласцівасці і ўнутр. структуру рэчываў. П. выкарыстоўваецца для атрымання звышнізкіх т-р метадам магнітнага ахаладжэння, у квантавай электроніцы (гл. Мазер) і інш. Гл. таксама Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны парамагнітны рэзананс.

Літ.:

Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;

Абрагам А., Гольдман М. Ядерный магнетизм: порядок и беспорядок: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Кринчик Г.С. Физика магнитных явлений. 2 изд. М., 1985.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 12, с. 87

ПАРАМАГНЕ́ТЫК,

слабамагнітнае рэчыва, якое намагнічваецца ў знешнім магн. полі ў напрамку поля. Пры адсутнасці знешняга магн. поля намагнічанасць П. роўная нулю. Магнітная ўспрыімлівасць П. невялікая і заўсёды дадатная (гл. Парамагнетызм). Да П. адносяцца: шчолачныя і шчолачназямельныя металы, некаторыя пераходныя металы, солі рэдказямельных элементаў і металаў групы жалеза, водныя растворы солей пераходных металаў, газы кісларод O2 і аксід азоту NO, фера-, феры- і антыферагнетыкі пры т-рах, большых за Нееля пункт ці Кюры пункт.

т. 12, с. 88

ПАРАМА́РЫБА (Paramaribo),

горад, сталіца Сурынама, на р. Сурынам, за 20 км ад яе ўпадзення ў Атлантычны ак. Засн. ў 1640. 216 тыс. ж. (1995). Гал. порт краіны, даступны для марскіх суднаў, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Харч. (вытв-сць какосавага алею), лесапільныя і дрэваапр. прадпрыемствы. Ун-т. Музей Сурынама. Бат. сад.

т. 12, с. 88

ПАРАМЕ́Й (Уладзімір Трафімавіч) (н. 30.11.1921, с. Гусяцін Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н., праф. (1974). Скончыў Львоўскі мед. ін-т (1947). У 1962—96 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1963 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні туберкулёзна-алергічных працэсаў, апёкаў вачэй, пачатковых стадый катаракты, дыягностыцы пухлін галаўнога мозга, перасадцы штучнага хрусталіка, хірург. лячэнні глаўкомы, касавокасці, блізарукасці.

Тв.:

Гипотермический тест очаговой аллергической реакции при туберкулезе глаза (разам з В.​І.​Санюкевічам) // Вопросы борьбы с туберкулезом. Мн., 1968;

Локальная и общая температурные реакции на прободную рану глаза при лучевой болезни у кроликов // Вопросы радиобиологии. Мн., 1969.

т. 12, с. 88

ПАРА́МЕТР (ад грэч. parametros які адмервае, супастаўляе) у матэматыцы, велічыня, значэнні якой служаць для адрознення элементаў якога-н. мноства адзін ад аднаго. Напр., у дэкартавых каардынатах ураўненне (xa)​2 + (yb)​2 = 1 вызначае ўсе акружнасці адзінкавага радыуса з цэнтрам у пункце (a,b). Калі надаць, напр., значэнні a = 3 і b = 4, то будзе выдзелена пэўная акружнасць з зададзенага мноства, г.зн. лікі a і b з’яўляюцца П. разгляданага мноства. П. наз. таксама дапаможная пераменная велічыня, якая ўводзіцца для параметрычнага прадстаўлення функцый. Напр., эліпс x2/4 + y2/9 = 1 задаецца таксама параметрычным ураўненнем x = 2cost, y = 3sint, дзе 0 ≤ t ≤ 2.

т. 12, с. 88

ПАРА́МЕТР y тэхніцы, фізічная велічыня, якая з’яўляецца істотнай характарыстыкай тэхн. сістэмы, з’явы, працэсу. У мех. сістэмах П. — гэта маса, каэф. трэння, момант інерцыі і інш. З эл. П. найб. характэрныя супраціўленне, індуктыўнасць, ёмістасць, сіла току, напружанне. П. цеплавых працэсаў — цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш. П. бываюць пастаянныя і пераменныя (залежаць ад часу і сістэмы каардынат), сканцэнтраваныя і размеркаваныя.

т. 12, с. 88

ПАРАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,

ваганні, якія ўзнікаюць ў выніку перыядычнай змены параметраў вагальнай сістэмы (масы, пругкасці, індуктыўнасці, ёмістасці, эл. супраціўлення і інш.). Назіраюцца ў любой вагальнай сістэме пры пэўных суадносінах паміж частатой аднаго з уласных ваганняў сістэмы і частатой змен параметраў.

Класічны прыклад П.в. — узнікненне папярочных ваганняў струны (параметрычны рэзананс) пры перыяд. зменах яе нацяжэння, якое найлягчэй адбываецца, калі частата асн. тону (ці якой-н. гармонікі; гл. Абертон) струны ўдвая большая за частату змен нацяжэння (пры звычайным узбуджэнні вымушаных ваганняў рэзананс настае, калі іх частата супадае з частатой аднаго з уласных ваганняў струны). Пры ўзбуджэнні П.в. стан раўнавагі вагальнай сістэмы ў выніку перыяд. ўздзеяння становіцца няўстойлівым і сістэма пачынае рабіць ваганні каля становішча раўнавагі. Шырыня абласцей няўстойлівага стану павялічваецца з ростам амплітуды змен параметраў. Прынцыпы ўзбуджэння П.в. выкарыстоўваюцца ў параметрычных крыніцах святла (параметрычны лазер), параметрычных генератарах і ўзмацняльніках эл.-магн. ваганняў і інш.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 88

ПАРА́МЕТР СТА́НУ ў тэрмадынаміцы, тэрмадынамічны параметр,

фізічная велічыня, якая служыць для характарыстыкі макраскапічнага стану сістэмы. Да П.с. належаць: ціск, тэмпература, аб’ём удзельны, унутраная энергія, энтрапія і інш. П.с. звязаны паміж сабой, таму раўнаважны стан сістэмы можна вызначыць праз абмежаваную колькасць параметраў (гл. Ураўненне стану).

т. 12, с. 88