Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,

тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст. Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 235

ВІ́ЦЕБСКІЯ СВАБО́ДНЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ МАЙСТЭ́РНІ,

назва ў 1920—21 Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

т. 4, с. 235

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЦА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,

помнік манум.-дэкар. мастацтва канца 17 ст. Створаны для Георгіеўскай (Юр’еўскай) царквы Віцебска. Драўляныя прамавугольнай формы вароты, упрыгожаныя разьбой і паліхромнай размалёўкай, уключаюць 6 утвораных расліннымі парасткамі клеймаў — рэльефных выяў святых на зялёным фоне. У двух верхніх клеймах традыц. кампазіцыя «Благавешчанне» заменена выявамі Сімяона Столпніка і Міколы Цудатворца, у ніжніх змешчаны 4 выявы евангелістаў з разгорнутымі Евангеллямі на каленях. Позы святых свабодныя, трактоўка адзення выяўляе формы фігур.

Захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі.

Літ.:

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983.

А.К.Лявонава.

т. 4, с. 235

ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,

Суражскія «вароты», 40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел. партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.

І.П.Хаўратовіч.

т. 4, с. 233

ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз. Бел. дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзібав. Здраўнева).

В.І.Акуневіч.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,

трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц, мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.П.Ягемана (Ягнова).

Г.І.Барышаў.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.

Т.І.Чарняўская.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.

Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.

т. 4, с. 226

ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,

камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.

У.М.Міхнюк.

т. 4, с. 227

ВІ́ЦЕБСКІ ГУБЕ́РНСКІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у Віцебску з мая 1922 да вер. 1924. Да лета 1922 наз. Першы віцебскі юнацкі губ. паказальны т-р. Створаны на аснове Юнацкай драм. студыі (дзейнічала пры Віцебскім к-це дапамогі чырвонаармейцам, у 1919—22). Абслугоўваў шпіталі і вайск. часці горада, наладжваў спектаклі для дзяцей, вучнёўскай і рабочай моладзі. Узначальвалі калектыў рэж. Б.Шадурскі; рэжысёры Р.Брын і М.Кусільман; з лета 1922 маст. кіраўнік Б.Бертэльс. Аснову рэпертуару складала рус. і зарубежная класіка, у т. л. «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «Беднасць не загана», «Васіліса Мяленцьева» і «Цяжкія дні» А.Астроўскага, «Лекар паняволі» Мальера, ставіліся першыя сав. п’есы.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 114—115.

т. 4, с. 227