Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІ́КФАРД (Pickford) Мэры [сапр. Сміт

(Smith) Глэдзіс Мэры; 8.4.1893, г. Таронта, Канада — 29.5.1979], амерыканская кінаактрыса, прадзюсер. З 1898 у т-ры, у 1909 дэбютавала ў кіно. Сусв. вядомасць атрымаў у яе выкананні вобраз маладой, сціплай, дабрадзейнай дзяўчыны-падлетка, амер. «папялушкі». Сярод фільмаў: «Нью-Йоркскі капялюшык» (1912),

«Бедная маленькая багачка» (1916), «Маленькая прынцэса» (1917), «Паліяна» (1920), «Мая лепшая дзяўчынка» (1927), «Какетка» (1929, прэмія «Оскар») і інш. Арганізатар і ўладальніца многіх кінакампаній, у т. л. «Пікфард філм карпарэйшэн» (1916), «Юнайтэд артыстс» (1919, разам з Ч.​Чапліным, Д.​Грыфітам, Д.​Фэрбенксам). Спец. прэмія «Оскар» 1975.

Літ.:

Уитфилд А. Мэри Пикфорд: Пер. с англ. Смоленск, 1999.

т. 12, с. 355

ПІ́КША (Melanogrammus aeglefinus),

рыба сям. трасковых. Адзіны від роду. Пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак., найб. у Паўночным м. (каля в-ва Ісландыя), у паўн. ч. Баранцава м., на Ньюфаўндлендскай банцы. Жыве каля дна, трымаецца чародамі. Робіць кармавыя і нерастовыя міграцыі.

Даўж. да 1 м (звычайна 50—75 см), маса да 19 кг. Корміцца бентасам, часам рыбай, ікрой селядцоў і мойвы. Ікра пелагічная. Маляўкі жывуць у тоўшчы валы, хаваюцца ад драпежнікаў пад купаламі медуз. Аб’ект промыслу.

Пікша.

т. 12, с. 355

ПІЛА́,

ручны або механізаваны (станочны) шматразцовы інструмент для распілоўвання (рэзкі) драўніны, металу, каменю і інш. матэрыялаў.

У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць П.: ручныя (двухручныя) са свабодным палатном; лучковыя з нацягнутым палатном; нажоўкі, дыскавыя і ланцуговыя пілы; станочныя паласавыя, стужачныя, дыскавыя, цыліндрычныя, сферычныя і інш., якія выкарыстоўваюцца ў лесапільных рамах, круглапільных станках, стужачнапільных станках і інш. дрэварэзальных станках. Для рэзання металу існуюць П.: дыскавыя, у т. л. П. трэння — для размякчэння матэрыялу трэннем дыскам без зубоў і абразіўныя — для рэзання вярчальным абразіўным дыскам (гл. Абразіўны інструмент), нажовачныя і стужачныя — для рэзання бясконцай гнуткай стальной стужкай з зубамі. У каменеапрацоўцы выкарыстоўваюць дыскавыя, канатныя і ланцуговыя П. (гл. Каменярэзныя машыны).

т. 12, с. 355

ПІЛА́Д,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Строфія, цара Факіды (у Сярэдняй Грэцыі), у доме якога выхоўваўся выратаваны пасля забойства Агамемнана яго малалетні сын Арэст. У стараж. афінскіх трагедыях (Эўрыпіда і інш.) П. выступае як верны, самаахвярны сябар і спадарожнік Арэста ў яго шматлікіх прыгодах і выпрабаваннях. Імя П. ў спалучэнні з імем Арэста стала сімвалам вернага, адданага сяброўства.

т. 12, с. 356

ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),

род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.

т. 12, с. 356

ПІЛАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны, атрыманыя распілоўкай або фрэзераваннем бярвён уздоўж валокнаў; асн. прадукцыя лесапільнай вытворчасці.

Адрозніваюць П. радыяльнай, тангенцыяльнай і змешанай распілоўкі. П. з абпілаванымі кантамі наз. абразнымі, з неабпілаванымі — неабразнымі, апрацаваныя пасля пілавання (для згладжвання паверхні або фасоннай прафілёўкі) — струганымі. Бываюць агульнага прызначэння, спецыяльныя, экспартныя. Асн. віды П.: брусы, дошкі, брускі, абапалы, шпалы. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Піламатэрыялы: 1—3 — брусы (2-, 3- і 4-кантовыя); 4—6 — брускі (чыста абразны, з тупым і вострым абзолам); 7—9 — дошкі (чыста абразная, неабразная і аднабакова абразная); 10 — абапал дашчаны; 11—12 — шпалы (неабразная і абразная).

т. 12, с. 356

ПІЛАРА́МА,

тое, што лесапільная рама.

т. 12, с. 356

ПІЛАРАСПА́ЗМА (ад грэч. pyloros прываротнік + спазма),

спазма мускулатуры прываротніка страўніка, у выніку якой адсутнічае ці затрымліваецца яго апаражненне. Назіраецца пераважна ў грудных дзяцей (часцей у першыя месяцы жыцця) у сувязі з функцыян. парушэннямі вегетатыўнай нерв. сістэмы.

т. 12, с. 356

ПІЛАРАСТЭНО́З (ад грэч. pyloros прываротнік + стэноз),

звужэнне прываротніка страўніка. Бывае прыроджаны (заганы развіцця) і набыты (напр., у выніку рубцавання язвы). Лячэнне хірургічнае.

т. 12, с. 356

ПІ́ЛАС (Pylos),

старажытнагрэчаскі горад у Месеніі на паўд.-зах. узбярэжжы Пелапанеса (цяпер гарадзішча на ўзгорку Ана-Энгліянас паблізу сучаснага г. Пілас). Першае паселішча на месцы П. ўзнікла на мяжы 3—2-га тыс. да н.э. У 16—13 ст. да н.э. рэзідэнцыя мясц. ахейскіх правіцеляў, адным з якіх, паводле Гамера, быў легендарны Нестар. Каля 1200 да н.э. горад знішчаны пажарам. Раскопкамі акропаля ў 1939 і 1952 адкрыты рэшткі магутнага палацавага комплексу (пабудаваны ў 13 ст. да н.э.), які ўключаў парадныя, жылыя і гасп. памяшканні. Сцены некаторых былі ўпрыгожаны фрэскамі. Сярод шматлікіх знаходак (прылады працы, кераміка, упрыгожанні) асаблівае значэнне маюць гліняныя таблічкі (болей за 600) з лінейным пісьмом Б.

Літ.:

Полякова Г.Ф. Социально-политическая структура пилосского общества (по данным линейного письма B). М., 1978;

Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.

Я.​У.​Новікаў.

т. 12, с. 356