ПІ́ЛАС (Pylos),

старажытнагрэчаскі горад у Месеніі на паўд.-зах. узбярэжжы Пелапанеса (цяпер гарадзішча на ўзгорку Ана-Энгліянас паблізу сучаснага г. Пілас). Першае паселішча на месцы П. ўзнікла на мяжы 3—2-га тыс. да н.э. У 16—13 ст. да н.э. рэзідэнцыя мясц. ахейскіх правіцеляў, адным з якіх, паводле Гамера, быў легендарны Нестар. Каля 1200 да н.э. горад знішчаны пажарам. Раскопкамі акропаля ў 1939 і 1952 адкрыты рэшткі магутнага палацавага комплексу (пабудаваны ў 13 ст. да н.э.), які ўключаў парадныя, жылыя і гасп. памяшканні. Сцены некаторых былі ўпрыгожаны фрэскамі. Сярод шматлікіх знаходак (прылады працы, кераміка, упрыгожанні) асаблівае значэнне маюць гліняныя таблічкі (болей за 600) з лінейным пісьмом Б.

Літ.:

Полякова Г.Ф. Социально-политическая структура пилосского общества (по данным линейного письма B). М., 1978;

Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.

Я.​У.​Новікаў.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)