ПІЛА́,
ручны або механізаваны (станочны) шматразцовы інструмент для распілоўвання (рэзкі) драўніны, металу, каменю і інш. матэрыялаў.
У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць П.: ручныя (двухручныя) са свабодным палатном; лучковыя з нацягнутым палатном; нажоўкі, дыскавыя і ланцуговыя пілы; станочныя паласавыя, стужачныя, дыскавыя, цыліндрычныя, сферычныя і інш., якія выкарыстоўваюцца ў лесапільных рамах, круглапільных станках, стужачнапільных станках і інш. дрэварэзальных станках. Для рэзання металу існуюць П.: дыскавыя, у т. л. П. трэння — для размякчэння матэрыялу трэннем дыскам без зубоў і абразіўныя — для рэзання вярчальным абразіўным дыскам (гл. Абразіўны інструмент), нажовачныя і стужачныя — для рэзання бясконцай гнуткай стальной стужкай з зубамі. У каменеапрацоўцы выкарыстоўваюць дыскавыя, канатныя і ланцуговыя П. (гл. Каменярэзныя машыны).
т. 12, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)