Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ, эвалюцыйнае развіццё,

тое, што Паралелізм.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕ́ЛЬНАЯ ПРАЕ́КЦЫЯ,

гл. ў арт. Праекцыя.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,

прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.

Паралельныя прамыя.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гл. ў арт. Складаныя рэакцыі.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫ ПЕРАНО́С,

пераўтварэнне прасторы ці яе часткі (напр., пераход ад адной фігуры да другой), пры якім усе пункты зрушваюцца ў адным і тым ж напрамку на адну і тую ж адлегласць.

Паралельны перанос.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕ́ЛЬ НЯБЕ́СНАЯ, сутачная паралель,

малы круг нябеснай сферы, плоскасць якога паралельная плоскасці нябеснага экватара. Уяўляе сабой шлях, які праходзіць пункт нябеснай сферы (за выключэннем полюсаў свету) з прычыны бачнага сутачнага вярчэння сферы вакол восі свету.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Паралеўкобрыум даўгалісты.

т. 12, с. 87

ПАРАЛІТАРАТУ́РА,

гл. Масавая літаратура.

т. 12, с. 87

ПАРАЛІ́Ч (ад грэч. paralysis расслабленне),

поўная страта рухальных функцый у чалавека і жывёл у выніку парушэння інервацыі адпаведных мышцаў. Абмежаванне рухаў — парэзы (напр., монапарэз пры пашкоджанні адной канечнасці, парапарэз пры пашкоджанні рук і ног і інш.). З’яўляецца праявай захворванняў нерв. сістэмы інфекц., траўматычнага, сасудзістага, псіхагеннага і інш. паходжання. Адрозніваюць П. і парэзы цэнтральныя, якія абумоўлены пашкоджваннем рухальных клетак кары паўшар’яў галаўнога мозга і піраміднага шляху з павышэннем мышачнага тонусу, сухажыльна-надкосных рэфлексаў, наяўнасцю паталаг. і ахоўных рэфлексаў (пры інсультах, чэрапна-мазгавой траўме, энцэфаліце). Перыферычныя П. і парэзы ўзнікаюць пры пашкоджанні чарапных нерваў, спіннога мозга, нерв. спляценняў і асобных нерв. ствалоў. Пры перыферычных П. мышачны тонус зніжаецца ці адсутнічае, паніжаюцца сухажыльна-надкосныя рэфлексы, адбываецца атрафія мышцаў, змяняецца электраўзбуджальнасць нерваў і мышцаў (напр., пры спінальнай форме поліяміэліту, полінеўрытах і інш.). Бываюць таксама змешаныя П. і парэзы (цэнтр. і перыферычныя). Выдзяляюць псіхагенныя (істэрычныя) П. і парэзы, што ўзнікаюць ад псіхатраўміруючых уздзеянняў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., ЛФК, масаж, правядзенне артапедычных мерапрыемстваў, у некат. выпадках — хірургічнае.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 12, с. 87