Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«КАЛАСКІ́»,

бел. часопіс для дзяцей. Выдаваўся ў 1952—61 у Мюнхене (Германія) на бел. мове штомесячна як дадатак да газ. «Бацькаўшчына». Рэдактар — З.Станкевіч. Меў 8 (часам 16) старонак кніжнага фармату. Друкаваў казкі, творы Я.Коласа, Я.Купалы, М.Багдановіча, З.Бядулі, Н.Арсенневай, загадкі, прыказкі, матэрыялы на рэліг. і гіст. тэмы, інфармаваў пра асн. падзеі з Беларусі, змяшчаў малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 454

КАЛАСНЕ́Ц (Bromopsis),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі — 4 віды К.: безасцюковы (B. inermis), Бенякена (B. benekenii), прамы (B. erecta), берагавы (B. riparia).

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамое ці прыўзнятае выш. 60—150 см. Лісце чаргаванае, шырокалінейнае, плоскае, шурпатае. Суквецце — раскідзістая мяцёлка. Каласкі 3—12-кветныя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі часам з прамым або адагнутым кароткім асцюком. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — зярняўка з баразёнкаю. Кармавая расліна. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для стварэння культ. сенажацей і пашы, на землях, схільных да ветравой эрозіі.

Каласнец безасцюковы.

т. 7, с. 454

КАЛАСНЯ́К (Leymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.

Каласняк галінасты.

т. 7, с. 454

КАЛАСО́ЎНІК (Bromus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, у нетрапічных паясах Еўразіі і Афрыкі. На Беларусі 6 дзікарослых К.: аржаны (B. secalinus), мяккі (B. mollis), палявы (B. arvensis), гронкавісты (B. commutatus), растапыраны (B. squarrosus), японскі (B. japonicus); інтрадукаваны К. дрыжнікападобны (B. briziformis). Растуць на палях, лугах, уздоўж дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 см. Сцябло — саломіна. Лісце з замкнёнымі пазухамі. Суквецце — мяцёлка з буйных шматкветкавых (6—20 кветак) каласкоў. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны. К. аржаны — пустазелле пасеваў азімых культур.

Каласоўнік безасцюковы.

т. 7, с. 454

КАЛАТО́ЗАЎ (сапр. Калатазішвілі) Міхаіл Канстанцінавіч

(10.1.1904, Тбілісі — 26.3.1973),

грузінскі і расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1969). У 1931—34 слухач Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. У кіно з 1923, з 1928 рэжысёр. Дырэктар Тбіліскай кінастудыі (1936), упаўнаважаны К-та па справах кінематаграфіі СССР у ЗША (1943—45), нач. Гал. ўпраўлення па вытв-сці маст. фільмаў (1945—48). Творчасці ўласцівы яркая паэт. вобразнасць, імкненне да перадачы пластыкі выявы, вострых ракурсаў, эфектаў асвятлення. Сярод фільмаў: «Соль Сванетыі» (1930, дакументальны), «Змова асуджаных» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Адданыя сябры* (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Ляцяць журавы» (1957, Вял. прыз 11-га Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1958), «Чырвоная палатка» (1970, італа-сав.).

Літ.:

Кремлев Г. Михаил Калатозов. М., 1965.

т. 7, с. 455

КАЛАТУ́ША,

бел. страва з мукі. Кіпяцілі малако, у яго патрошку сыпалі муку, перамешваючы калатоўкай, і варылі. Часам муку замочвалі вадой або замешвалі густа. Калі К. варылі на вадзе, яе запраўлялі алеем або заскварвалі. Была пашырана па ўсёй Беларусі.

т. 7, с. 455

КАЛАТЫ́РКІН (Якаў Міхайлавіч) (14.11. 1910, в. Заніна Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 2.11.1995),

савецкі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў сучаснага электрахім. кірунку вучэння аб карозіі металаў. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1966; Рас. АН з 1991). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1937). З 1937 у Дзярж. навук. цэнтры Рас. Федэрацыі «Н.-д. фіз.-хім. ін-т імя Л.Я.Карпава» (у 1948—51, 1957—87 дырэктар). Даследаваў электрахім. кінетыку каразійных працэсаў. Развіў адсарбцыйную тэорыю пасіўнасці металаў, электрахім. тэорыю пітынгавай карозіі, тэорыю салявога інгібіравання і хім. пасіўнасці. Распрацаваў метад аноднай аховы металаў ад карозіі.

Літ.:

Я.М.Колотыркин. М., 1987.

Я.М.Калатыркін.

т. 7, с. 455

КАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін; састаўная ч. лісця, сцябла і кораня. Складаецца з драўніны (ксілемы) і лубу (флаэмы), якія мяжуюцца адным бокам. Бываюць адкрытыя, калі паміж ксілемай і флаэмай ёсць камбій (дае другасны прырост у таўшчыню, характэрны для двухдольных, голанасенных і некат. папарацепадобных) і закрытыя — без камбію.

т. 7, с. 455

КАЛАЎРО́Т,

1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).

2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.

3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.

Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).

т. 7, с. 455

КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),

клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.

Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.

Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.

Калаўроткі: 1 — сінхета; 2 — трыхацэрка; 3 — макрахетус; 4 — філінія; 5 — дрылафага; 6 — філадына.

т. 7, с. 455