ПАЛО́ВЕЦ,
рака ў Віцебскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Вымнянка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Куракі Лёзненскага р-на, цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Вусце за 500 м ад г.п. Янавічы Віцебскага р-на. У верхнім цячэнні называецца Гарна. Рэчышча на працягу 7,5 км уверх ад вусця каналізаванае.
т. 12, с. 14
ПАЛО́ВІЦА,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 211 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Кролікі, вусце на Пд ад в. Рымкі. Цячэ па паўд.-зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні на працягу 10—12 км слабавыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—700 м. Каля в. Кундры ад ракі адыходзіць канал, па якім частка сцёку перакідваецца ў р. Лучайка. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.
т. 12, с. 14
ПАЛО́МНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
сярэдневяковыя творы пра паломніцтва ў «святую зямлю» — у Палесціну, на Афон і ў Канстанцінопаль. Гл. Хаджэнне.
т. 12, с. 14
ПАЛО́МНІЦТВА (ад лац. palma пальма),
вандраванне, падарожжа веруючых да «святых месцаў» для пакланення. У хрысціян П. пачалося з вандроўкі ў Палесціну, адкуль паломнікі прывозілі пальмавую ветку (адсюль назва). Праваслаўныя наведваюць таксама гару Афон (Грэцыя), Бары (Італія), католікі — Рым, Ларэта, Кампастэла (Італія), Лурд (Францыя), Фатыму (Партугалія). Мусульмане робяць П. (хадж) у Мекку, Медыну (Саудаўская Аравія), Кербелу (Ірак), будысты і сінтаісты — у Нару (Японія), ламаісты — у Лхасу (Кітай).
т. 12, с. 14
ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас. р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.
А.В.Іоў.
т. 12, с. 14
ПАЛО́НІЙ (лац. Polonium),
Po, радыеактыўны хім. элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 84, ат. м. 208,9824. Вядомы 27 ізатопаў з масавымі лікамі 192—218. Найб. доўгажывучы штучны 209Po (T1/2 — перыяд паўраспаду 102 гады). Ізатопы з масавымі лікамі 210—218 уваходзяць у прыродныя радыеактыўныя рады, найб. устойлівы з іх 210Po (T1/2 138,3 сут; α-выпрамяняльнік). Вылучаны з уранавай смаляной руды П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры ў 1898; назва ад лац. Polonia — Польшча.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 254 °C, tкіп 949 °C, шчыльн. 9136 кг/м³ (вылічаная). У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з растворамі кіслот. З вадародам утварае лятучы гідрыд PoH2. Атрымліваюць 210Po апрамяненнем метал. вісмуту нейтронамі, а таксама з адходаў перапрацоўкі уранавых руд. Выкарыстоўваюць для вырабу крыніц эл. энергіі на спадарожніках і ў пераносных прыстасаваннях, у сумесі з берыліем для атрымання лабараторных крыніц нейтронаў.
т. 12, с. 14
ПАЛО́НКА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Слонім — в. Новая Мыш. Цэнтр сельсавета. За 20 км на З ад г. Баранавічы, 217 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Палонка. 781 ж., 293 двары (2000). Аддз. «Палонка» птушкафабрыкі «Дружба», лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.).
Вядома з пач. 16 ст. як сяло ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. Належала Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля вёскі адбылася Палонкаўская бітва 1660. У 1680 заснаваны дамініканскі кляштар (існаваў да 1830). З 1793 П. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Навамышскай вол. Навагрудскага пав. У пач. 20 ст. 500 ж., 56 двароў, земскае нар. вучылішча. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Навамышскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1957 — у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.
т. 12, с. 14
ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.
Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.Я.Сапегам і С.Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.А.Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.Г.Палубінскага і С.Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.
т. 12, с. 14
ПАЛО́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Віцебскім р-не, у бас. р. Ласасіна, за 12 км на У ад г. Віцебск. Пл. 0,35 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 17—20 м (на Пн і ПнЗ да 5 м), пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Выцякае ручай у р. Ласасіна.
т. 12, с. 15
ПАЛО́НСКІ (Самуіл Уладзіміравіч) (27.9.1902, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна — 2.5.1955),
бел. і расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т (1926), кампазіцыі вучыўся ў В.Залатарова. У 1928—41 у Мінску: маст. кіраўнік вак. ансамбля, хормайстар капэлы Бел. філармоніі, Ансамбля песні і танца БВА, кіраўнік самадз. хар. калектываў. У 1942—43 узначальваў Бел. дзярж. ансамбль песні і танца. З 1945 у Маскве. Аўтар песень і хароў, у т. л. песні «Вечарынка ў калгасе» на словы Я.Купалы, аперэты «Зарэчны барок» (разам з М.Івановым; паст. 1940), п’есы для арк. бел. нар. інструментаў «Кірмаш», твораў для духавога арк., інстр. мініяцюр, рамансаў, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., рус., укр., англ., для мяшанага хору, для голасу з фп., баянам.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 12, с. 15