Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),

старажытнарымскі імператар [37—41], 3 дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.

т. 7, с. 464

КА́ЛІЕЎ МІР,

гл. ў арт. Грэка-персідскія войны.

т. 7, с. 464

КАЛІЗЕ́Й,

гл Рымскі калізей.

т. 7, с. 464

КАЛІЗІ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, на падставе якіх вырашаюцца калізіі паміж законамі розных дзяржаў. Уваходзіць у склад міжнароднага прыватнага права. У шэрагу краін (Вялікабрытанія, ЗША і інш.) паняцце «міжнароднае прыватнае права» атаясамліваецца з паняццем «К.п.». Міжнароднае К.п. неабходна адрозніваць ад «унутранага», якое дзейнічае ў федэратыўных дзяржавах.

т. 7, с. 464

КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),

сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл. Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл. Калізійнае права).

т. 7, с. 464

КАЛІ́ЗІЯ ў геалогіі, сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў. У месцы К. ствараліся магутныя горныя сістэмы, пароды зямной кары зміналіся ў складкі, разломаўтварэнне дасягала глыбінь мантыі, актывізаваліся тэктанічныя і вулканічныя працэсы. Прыкладам К. служыць сутыкненне п-ва Індастан (Інд. платформа якога лічыцца ч. даюрскага кантынента Гандвана) з кантынентам Еўразія, што, магчыма, з’явілася адной з прычын утварэння Гімалаяў.

Р.Р.Паўлавец.

т. 7, с. 464

КАЛІІ́ЎШЧЫНА,

сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.Нежывога, А.Журбы, І.Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп. рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.Р.Шаўчэнкі «Гайдамакі».

т. 7, с. 464

КА́ЛІЙ (лац. Kalium),

K, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 19, ат. м. 39,0983, належыць да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​39K (93,259%), ​41K (6,729%) і радыеактыўнага ​40K. У зямной кары 2,41% па масе, трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл. Калійныя солі). Найважнейшы пажыўны элемент для раслін (гл. Калійныя ўгнаенні). Адкрыты ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. аль-калі — паташ.

Мяккі серабрыста-белы метал, tm 63,51 °C, шчыльн. 862,9 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. З вадой і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам і загараннем. Лёгка ўзаемадзейнічае з кіслародам паветра (утварае аксід K2O, пераксід K2O2, надпераксід KO2), галагенамі, пры награванні — з вадародам, халькагенамі, фосфарам, графітам (гл. Калію злучэнні). Не ўзаемадзейнічае з азотам. Захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер. масла. Атрымліваюць узаемадзеяннем метал. натрыю з расплавам калію гідраксіду ці хларыду KCl, электролізам расплаву KCl ці карбанату K2CO3. Выкарыстоўваюць як матэрыял электродаў у хім. крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах, сплаў К. і натрыю — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах. Пры кантакце выклікае моцныя апёкі скуры і слепату.

т. 7, с. 465

КАЛІ́ЙНАЯ САЛЕ́ТРА, каліевая салетра,

тэхнічная назва калію нітрату, KNO3. Падвойнае комплекснае ўгнаенне, мае калій (44% у пераліку на аксід K2O) і азот (13%). Выкарыстоўваюць на розных глебах, пераважна пад культуры, адчувальныя да хлору (лён, бульбу, тытунь, вінаград).

т. 7, с. 465

КАЛІ́ЙНЫЯ СО́ЛІ, каліевыя солі,

асадкавыя горныя пароды, складзеныя з лёгкарастваральных каліевых і каліева-магніевых мінералаў: сільвіну, карналіту, палігаліту і інш. Па марфалогіі саляных пакладаў вылучаюць: пластавыя, лінза-, купала-, штока- і гнездападобныя радовішчы. Колькасць аксіду калію K2O у прамысл. пакладах 12—30%. К.с. — асн. сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, метал. калій і яго злучэнні. Найб. радовішчы ў Канадзе, Германіі, Расіі, Казахстане, ЗША. На Беларусі К.с. звязаны з саляноснай тоўшчай верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Прамысл. запасы (1996) ацэньваюцца ў 6484,9 млн. т сырых солей (1128,7 млн. т аксіду калію) і сканцэнтраваны на Старобінскім і Петрыкаўскім радовішчах. Старобінскае радовішча распрацоўвае (запасы каля 800 млн. т аксіду калію) ВА «Беларуськалій».

т. 7, с. 465