КА́ЛІЙ (лац. Kalium),
K, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 19, ат. м. 39,0983, належыць да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 39K (93,259%), 41K (6,729%) і радыеактыўнага 40K. У зямной кары 2,41% па масе, трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл. Калійныя солі). Найважнейшы пажыўны элемент для раслін (гл. Калійныя ўгнаенні). Адкрыты ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. аль-калі — паташ.
Мяккі серабрыста-белы метал, tm 63,51 °C, шчыльн. 862,9 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. З вадой і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам і загараннем. Лёгка ўзаемадзейнічае з кіслародам паветра (утварае аксід K2O, пераксід K2O2, надпераксід KO2), галагенамі, пры награванні — з вадародам, халькагенамі, фосфарам, графітам (гл. Калію злучэнні). Не ўзаемадзейнічае з азотам. Захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер. масла. Атрымліваюць узаемадзеяннем метал. натрыю з расплавам калію гідраксіду ці хларыду KCl, электролізам расплаву KCl ці карбанату K2CO3. Выкарыстоўваюць як матэрыял электродаў у хім. крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах, сплаў К. і натрыю — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах. Пры кантакце выклікае моцныя апёкі скуры і слепату.
т. 7, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)