Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),

калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.

т. 7, с. 462

КА́ЛЕР (Уладзілен Лазаравіч) (н. 11.11.1925, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1955). З 1994 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні біясінтэзу хларафілу і фотасінтэзу з выкарыстаннем метадаў матэм. і кібернетычнага мадэліравання біяфіз. і біяхім. працэсаў у раслінах. Адзін з аўтараў электракаагуляцыйнага спосабу ачысткі прамысл. сцёкавых вод.

Тв.:

Авторегуляция образования хлорофилла в высших растениях. Мн., 1976.

т. 7, с. 462

КАЛЕ́СНІК (Іван Іванавіч) (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),

бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял. Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пракоф’ева, А.Суркова, Л.Украінкі, М.Нагнібеды, Т.Масэнкі, Я.Райніса, М.Ханінава, З.Нуры, П.Нэруды, І.Давыдкава і інш.

т. 7, с. 462

КАЛЕ́СНІК (Станіслаў Вікенцьевіч) (23.1.1901, С.-Пецярбург — 1977),

расійскі географ і гляцыёлаг. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1929). З 1950 у Ленінградскім ун-це, з 1971 дырэктар Ін-та азёразнаўства АН СССР. Навук. працы па гляцыялогіі і геамарфалогіі Цэнтр. Цянь-Шаня і Джунгарскага Алатау, па тэарэт. пытаннях гляцыялогіі, землязнаўства, фіз. геаграфіі. Прэзідэнт Геагр. т-ва СССР (1964), віцэ-прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (1968). Яго імем пазваны ледавікі ў Заілійскім Алатау, Джунгарскім Алатау, па Палярным Урале.

Тв.:

Основы общего землеведения. 2 изд. М., 1955;

Очерки гляциологии. М., 1963;

Общие географические закономерности Земли. М., 1970.

т. 7, с. 462

КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),

бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.

М.А.Тычына.

т. 7, с. 462

КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Рыгоравіч) (28.6.1911, г. Асцёр Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1943),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскія бранятанк. курсы (1942). На фронце са жн. 1942. Вызначыўся ў Палескай вобл.: экіпаж танка на чале з К. у 12-гадзінным баі знішчыў 4 гарматы, 7 кулямётных кропак, 2 мінамётныя батарэі, шмат жывой сілы ворага. Загінуў у гэтым баі. На месцы гібелі экіпажа каля в. Загальская Слабодка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены абеліск.

У.А.Калеснік.

т. 7, с. 462

КАЛЕ́СНІКАЎ (Віталь Леанідавіч) (н. 21.6.1936, пас. Зернесаўгас Занальнага р-на Алтайскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1958). З 1965 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па вывучэнні калоідна-хім. узаемадзеянняў у водных мікрагетэрагенных сістэмах. Распрацаваў тэорыю гетэраадагуляцыі ўмацавальных гідрадысперсій палімераў.

Тв.:

Повышение экологической безопасности химико-технологических систем путем гетероадагуляции гидродисперсий полимеров // XV Менделеевский съезд по общей и прикладной химии. Мн., 1993. Т 4.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́СНІКАЎ (Віталь Міхайлавіч) (15.8.1922, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.11.1964),

Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Рагачоўскім настаўніцкім ін-це. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Камандзір стралк. ўзвода мал. лейтэнант К. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім р-не: у час бою ўзначаліў роту, пад агнём праціўніка арганізаваў яе пераправу цераз раку. Да 1964 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.М.Калеснікаў.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́СНІКАЎ (Іван Сцяпанавіч) (18.11.1911, г. Новакубанск Краснадарскага краю, Расія — 28.5.1994),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.лейт. (1960). Скончыў Тбіліскае ваенна-паліт. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. і інш. франтах. 30.9.1943 стралковы полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. вызначыўся ў Камарынскім р-не: фарсіраваў Дняпро, захапіў плацдарм і адбіў некалькі контратак праціўніка. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 463

КАЛЕ́СНІКАЎ (Павел Міхеевіч) (н. 20.7.1938, с. Кароткае Карочанскага р-на Белгародскай вобл., Расія),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р тэхн. н. (1973), праф. (1977). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1962). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па матэм. мадэляванні, цеплафізіцы, ядз. энергетыцы, электрадынаміцы і стварэнні навук. асноў элементнай базы інфарм. сістэм. Распрацаваў асн. палажэнні тэорыі плазменных і вадкасных ракетных рухавікоў, тэорыі пераносу ў неаднародных і нелінейных асяроддзях.

Тв.: Введение в нелинейную электродинамику. Мн., 1971; Электродинамическое ускорение плазмы. М., 1971; Методы теории переноса в нелинейных средах. Мн., 1981; Теория неоднородных световодов и резонаторов. Мн., 1982.

т. 7, с. 463