КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),
бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
М.А.Тычына.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)