Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНТЭРКАЛУ́МНІЙ (ад лац. inter паміж + columna калона, слуп),

пралёт паміж калонамі, што стаяць побач. Пашыраны ў ордэрнай архітэктуры. Велічыня І. (пастаянная для кожнай дадзенай каланады) залежыць ад маштабаў пабудовы, характару і ордэра каланады, а таксама ад памеру і матэрыялу калон і архітрава.

Інтэркалумній.

т. 7, с. 286

ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,

рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.

т. 7, с. 286

ІНТЭРКІНЕ́З,

гл. Інтэрфаза.

т. 7, с. 286

«ІНТЭРКО́СМАС»,

1) савет па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касм. прасторы пры АН СССР (існаваў у 1966—91).

2) Сумесная праграма касм. даследаванняў краін — членаў Савета эканамічнай узаемадапамогі.

3) ШСЗ, што запускаліся з 1969 па гэтай праграме.

т. 7, с. 286

ІНТЭРЛІ́НГВА,

гл. ў арт. Штучныя мовы.

т. 7, с. 286

ІНТЭРЛІНГВІ́СТЫКА,

раздзел лінгвістыкі, які вывучае штучныя дапаможныя мовы-пасрэднікі, створаныя для міжнар. (міжэтнічных) зносін у якасці аналагаў натуральных моў (тыпу эсперанта, інтэрлінгва і інш.). Склалася ў 20 ст. як асэнсаванне шматвяковай практыкі стварэння і выкарыстання штучных моў. Асн. кірункі: стварэнне структурнай і функцыян. тыпалогіі штучных моў-пасрэднікаў, іх навук. і нарматыўных (кадыфікуючых) граматык і слоўнікаў; вывучэнне ўзаемаадносін штучных і натуральных моў; рацыяналізацыя існуючых, распрацоўка новых дапаможных моў-пасрэднікаў і інфармацыйных моў; стварэнне гісторыі распрацоўкі і функцыянавання штучных моў і рухаў іх прыхільнікаў (напр., Муз. эсперанта-ліга, Скаўцкая эсперанцкая ліга і інш.).

Літ.:

Проблемы интерлингвистики. М., 1976;

Кузнецов С.Н. Теоретические основы интерлингвистики. М., 1987;

Дуличенко А.Д. Советская интерлингвистика: (Аннотир. библиогр. за 1946—1982 гг.) Тарту, 1983.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 7, с. 286

ІНТЭРЛЮ́ДЫЯ (ад лац. inter паміж + ludus ігра),

1) устаўная інструментальная ці вакальна-інструментальная п’еса паміж актамі драм. або муз. спектакля. Часцей наз. інтэрмедыяй.

2) Невял. п’еса, якая падзяляе або звязвае асн. часткі муз. твора. Сустракаецца ў муз.-сцэн. («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), цыклічных («Ludus tonalis» П.​Хіндэміта) творах, як частка сюіты («Мадрыгал» для голасу з фп. М.​Мяскоўскага), а таксама ў фугах, паміж строфамі харала. Тэрмін «І.» часам ужываюць у значэнні інтэрмецца.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕДЗІ́Н,

тое, што меланатропны гармон.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.

Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар. т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.

На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.​Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.​Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.​Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.​Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.​Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, камедыі «Несцерка» В.​Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.

2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.

Літ.:

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979.

А.​К.​Саннікаў, А.​А.​Семяновіч.

т. 7, с. 286

ІНТЭРМЕТАЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, інтэрметаліды,

хімічныя злучэнні металаў паміж сабою. Адносяцца да металідаў.

т. 7, с. 286